Старонка:Рудзін, Дваранскае гняздо (1935).pdf/194

Гэта старонка не была вычытаная

сваёй рукі, — а наверсе, у пакоі Марфы Цімафееўны, пры святле лампадкі, вісеўшай перад цмянымі старымі абразамі, Лаўрэцкі сядзеў на крэсле, аблакаціўшыся на калені і паклаўшы твар на рукі; бабуля, стоячы перад ім, зрэдку і моўчкі гладзіла яго па валасах. Больш гадзіны правёў ён у яе, развітаўшыся з гаспадыняй дома; ён амаль нічога не сказаў сваёй старой добрай прыяцельніцы, і яна яго не распытвала… Ды і навошта было гаварыць, пра што распытваць? Яна і так усё разумела, яна і так спачувала ўсяму, чым перапаўнялася яго сэрца.

VIII

Фёдар Іваныч Лаўрэцкі (мы павінны папрасіць у чытача дазволу перарваць часова ніць нашага апавядання) паходзіў ад старага дваранскага роду. Роданачальнік Лаўрэцкіх выехаў у княжэнне Васілія Цёмнага з Прусіі і быў узнагароджаны двума стамі чверцямі зямлі ў Бежацкім вярху. Шмат хто з яго патомкаў лічыліся ў розных службах, сядзелі пад князямі і людзьмі знатнымі на далёкіх ваеводствах; але ні адзін з іх не падняўся вышэй за стольніка і не набыў значнай маёмасці. Багацей і выдатней за ўсіх Лаўрэцкіх быў родны прадзед Фёдара Іваныча, Андрэй, чалавек жорсткі, дзёрзкі, разумны і хітры. Да цяперашняга дня не змаўкала слава пра яго свавольства, пра шалёны яго характар, нечуваную шчодрасць і хцівасць няўтольную, Ён быў вельмі тоўсты і высокі ростам, з твара смуглы і безбароды, шапалявіў і здаваўся санлівым; але чым ён цішэй гаварыў, тым больш дрыжэлі ўсе вакол яго. Ён і жонку дастаў сабе пад пару. Верлавокая, з каршуновым носам, з круглым жоўтым тварам, цыганка родам,