Старонка:Рудзін, Дваранскае гняздо (1935).pdf/198

Гэта старонка не была вычытаная

атрымаць, прынамсі, палову бацькавага маёнтка: яна і па скупасці была падобна на бабку. Звыш таго, Глафіра зайздросціла брату: ён так быў асвечан, так добра гаварыў па-французску, з парыжскім вымаўленнем, а яна ледзь умела сказаць: „бонжур[1]“ ды „коман ву портэ ву?[2]“ Праўда, бацькі яе па-французску зусім не разумелі, — ды з гэтага ёй не было лягчэй. Іван Петровіч не ведаў, куды дзецца з тугі і нуды; бязвыезна год правёў ён у вёсцы, ды і той здаўся яму за дзесяць год. Толькі з мацер‘ю сваёй ён і адвадзіў душу, і цэлымі гадзінамі сядзеў у яе нізкіх пакоях, слухаючы нямудрую гутарку добрай жанчыны і пад‘ядаючы варэння. Здарылася так, што ў ліку пакаёвак Анны Паўлаўны была адна вельмі прыгожанькая дзяўчына, з яснымі, ціхімі вочкамі і тонкімі рысамі твара; звалі яе Малання, разумніца і скромніца. Яна з першага разу ўпадабалася Івану Петровічу; і ён пакахаў яе: ён пакахаў яе нясмелую хаду, сарамлівыя адказы, ціхі галасок, ціхую ўсмешку; з кожным днём яна яму здавалася мілей. Яна прывязалася да Івана Петровіча ўсёю сілаю душы, як толькі рускія дзяўчыны ўмеюць прывязвацца — і аддалася яму. У памешчычым вясковым доме ніякі сакрэт доўга трымацца не можа: неўзабаве ўсе даведаліся пра сувязь маладога паніча з Маланняй; вестка пра гэту сувязь дайшла, нарэшце, да самага Петра Андрэіча. У другі час ён, мабыць, не звярнуў-бы ўвагі на такую нязначную справу; але ён даўно злаваўся на сына і ўзрадваўся выпадку прысароміць пецербургскага мудраца і франта. Падняўся гвалт, крык і вэрхал; Маланню зачынілі ў чулан; Івана Петровіча патрабавалі да бацькі. Анна Паў-

  1. Добры дзень (фр.).
  2. Як вы маецеся? (фр.).