Старонка:Рудзін, Дваранскае гняздо (1935).pdf/205

Гэта старонка не была вычытаная

з першага-ж часу зрабілася яе рабою. Ды і дзе-ж ёй было змагацца з свавольнай, ганарыстай Глафірай, ёй, безадказнай, заўсёды збянтэжанай і запалоханай, слабой здароўем? Дня не праходзіла, каб Глафіра не спамінала ёй ранейшага яе становішча, не пахваліла-б яе за тое, што яна не забываецца. Малання Сергееўна ахвотна пагадзілася-б на гэтых спамінаннях і пахвалах, якія горкія яны ні былі… але Федзю ў яе аднялі: вось што яе засмучала. З таго поваду, што яна не ў сілах займацца яго выхаваннем, яе амаль не дапускалі да яго; Глафіра ўзялася за гэтую справу; дзіця адышло ў яе поўнае распараджэнне. Малання Сергееўна з гора пачала ў сваіх лістах упрашваць Івана Петровіча, каб ён звярнуўся хутчэй; сам Пётр Андрэіч жадаў бачыць свайго сына; але ён усё толькі адпісваўся, дзякаваў бацьку за жонку, за прысланыя грошы, абяцаў прыехаць неўзабаве, — і не ехаў. Дванаццаты год выклікаў яго, нарэшце, з-за граніцы. Убачыўшыся ў першы раз пасля шасцігадовай разлукі, бацька з сынам абняліся і нават словам не спамянулі аб ранейшым разладзе; ні да таго было тады: уся Расія падымалася на ворага, і абое яны адчулі, што руская кроў цячэ ў іх жылах. Пётр Андрэіч за свой кошт адзеў цэлы полк ратнікаў, але вайна скончылася, небяспека мінавала; Іван Петровіч зноў занудзіўся, зноў пацягнула яго ў даль, у той свет, з якім ён зросся і дзе адчуваў сябе дома. Малання Сергееўна не магла затрымаць яго; яна вельмі мала для яго значыла. Нават надзеі яе не збыліся: муж яе таксама знайшоў, што прыстойней даручыць Глафіры выхаванне Федзі. Бедная жонка Івана Петровіча не вытрымала гэтага ўдару, не вытрымала другой разлукі: пакорліва за некалькі дзён згасла яна. У працягу ўсяго