Старонка:Рудзін, Дваранскае гняздо (1935).pdf/211

Гэта старонка не была вычытаная

назаўсёды; прыродазнаўчыя навукі, міжнароднае права, матэматыка, сталярства, з парады Жан-Жака Руссо, і геральдыка, для падтрымання рыцарскіх пачуццяў, — вось чым павінен быў займацца будучы „чалавек“; яго абуджвалі а чацвертай гадзіне раніцы, зараз-жа абдавалі халоднай вадой і прымушалі бегаць вакол высокага слупа на вяроўцы; еў ён раз у дзень па адным блюдзе, ездзіў верхам, страляў з арбалета; пры кожным падыходзячым выпадку практыкаваўся, па прыкладу бацькі, у цвёрдасці волі і штовечар уносіў у асобую кнігу адчот мінулага дня і свае ўражанні; а Іван Петровіч, з свайго боку, пісаў яму наказы па-французску, у якіх ён называў яго mon fils[1], і гаварыў яму vous[2]. Па-руску Федзя гаварыў бацьку: ты, але ў яго прысутнасці нe смеў сесці. „Сістэма“ затлуміла хлопчыка, пасяліла блытаніну ў яго галаве, прыціснула яе; але на яго здароўе новы спосаб жыцця карысна ўздзейнічаў: спачатку ён схапіў гарачку, але неўзабаве справіўся і стаў малайцом. Бацька ганарыўся ім і называў яго на сваёй дзівацкай мове: сын натуры, стварэнне маё. Калі Федзі мінуў шаснаццаты год, Іван Петровіч палічыў за абавязак заўчасна пасяліць у ім пагарду да жаночага пола, — і малады спартанец з баязнасцю ў душы, з першым пухам на губах, поўны сокаў, сіл і крыві, ужо стараўся здавацца абыякавым, халодным і грубым.

Тым часам гады ішлі ды ішлі. Іван Петровіч большую частку года праводзіў у Лаўрыках (так называўся галоўны яго радавы маёнтак), а зімою прыязджаў у Маскву адзін, застанаўліваўся ў шынку, старанна наведваў клуб, аратарстваваў і раз-

  1. Сын мой (фр.).
  2. Вы (фр.).