Старонка:Рудзін, Дваранскае гняздо (1935).pdf/225

Гэта старонка не была вычытаная

просты — пекната! У такіх прыемных адчуваннях прайшла зіма, да канца якой Варвара Паўлаўна была нават рэкамендавана ва двор. Фёдар Іваныч з свайго боку не нудзіўся, хаця жыццё, часам, цяжкім станавілася ў яго на плячах, — цяжкім таму, што было пустым. Ён чытаў газеты, слухаў лекцыі ў Sorbonne і Collége de France, сачыў за спрэчкамі палат, узяўся за пераклад вядомага вучонага твора пра ірыгацыі. „Я не губляю часу“, думаў ён: „усё гэта карысна, але на будучую зіму трэба абавязкова звярнуцца ў Расію і ўзяцца за справу“. Цяжка сказаць, ці ясна ён разумеў, з чаго ўласна складалася гэтая справа, і бог ведае, ці ўдалося-б яму звярнуцца ў Расію на зіму, покуль ён ехаў з жонкаю ў Бадэн-Бадэн… Нечаканае здарэнне расстроіла ўсе яго планы.

XVI

Увайшоўшы аднойчы ў адсутнасці Варвары Паўлаўны ў яе габінет, Лаўрэцкі ўбачыў на падлозе маленькую, старанна складзеную запіску. Ён мімаволі яе падняў, мімаволі яе разгарнуў і прачытаў наступнае, напісанае на французскай мове:

„Любы анёл Бетсі! (Я ніяк не адважваюся назваць цябе Barbe альбо Варвара — Varvara.) Я дарэмна чакаў цябе на рагу бульвара; прыходзь заўтра да паловы другой на нашу кватэрку. Твой добры таўсцяк (ton gros bon-homme dе mari) гэтаю парою звычайна закапваецца ў свае кнігі; мы зноў спяем тую песеньку вашага паэта Пускіна (de votre poéte Pouskine), якой ты мяне навучыла: „Стары муж, грозны муж!“ — Тысячу пацалункаў тваім ручкам і ножкам. Я чакаю цябе.

Эрнест“.