Старонка:Рудзін, Дваранскае гняздо (1935).pdf/226

Гэта старонка не была вычытаная

Лаўрэцкі не адразу зразумеў, што такое ён прачытаў; прачытаў у другі раз — і галава ў яго закруцілася, падлога захадзіла пад нагамі, як палуба карабля ў часе качкі. Ён і закрычаў і задыхнуўся, і заплакаў у адзін момант.

Ён звар‘яцеў. Ён так слепа давяраў сваёй жонцы, магчымасць ашуканства, здрады, ніколі не ўяўлялася ў яго думках. Гэты Эрнест, гэты каханак яго жонкі, быў белабрысы, прыгожанькі хлопчык год 23-х, з кірпатым носікам і тонкімі вусікамі, амаль ці не самы мізэрны з усіх яе знаёмых. Прайшло некалькі хвілін, прайшло поўгадзіны. Лаўрэцкі ўсё стаяў, сціскаючы ракавую запіску ў руцэ і недарэчна гледзячы на падлогу; скрозь нейкі цёмны вір мітусіліся перад ім бледныя абліччы, балюча замірала сэрца; яму здавалася, што ён падаў, падаў, падаў… і канца не было. Знаёмы, лёгкі шум шоўкавай сукенкі вывеў яго з здранцвення. Варвара Паўлаўна, у капелюшы і шалі, спешна вярталася з гуляння. Лаўрэцкі затрапятаў увесь і кінуўся вон, ён адчуў, што ў гэты момант ён быў у сілах замучыць яе, збіць яе да поўсмерці, па-мужыцку, і задушыць яе сваімі рукамі. Здзіўленая Варвара Паўлаўна хацела спыніць яго; ён мог толькі прашаптаць: — Бетсі, — і выбег з дома.

Лаўрэцкі ўзяў карэту і загадаў везці сябе за горад. Усю рэштку дня і ўсю ноч да раніцы праблукаў ён, бесперастанку застанаўліваючыся і ўсплёскваючы рукамі: ён і вар‘яцтваваў і, часам, яму рабілася нават нібы смешна, нават нібы весела. Раніцою ён прамерзнуў і зайшоў у дрэнны загарадны шынок, папрасіў пакой і сеў на крэсла перад акном. Сударгавае пазяханне напала на яго. Ён ледзь трымаўся на нагах, цела яго знемагала, — а ён і не адчуваў зморанасці, — затое зморанасць брала сваё: ён сядзеў, глядзеў і нічога не разумеў; не