Старонка:Рудзін, Дваранскае гняздо (1935).pdf/234

Гэта старонка не была вычытаная

— Што вы гэта, Марфа Цімафееўна, бога вы не баіцеся! — усклікнула яна, і чырвань раптоўна разлілася ў яе па твары і па шыі.

— Але-ж ведае, шальмец, — перапыніла яе Марфа Цімафееўна: — ведае, чым яе прывабіць: табакерку ёй падарыў. Федзя, папрасі ў яе табакі панюхаць: ты ўбачыш, табакерка якая слаўная: на пакрышцы гусар на кані намалёван. Ужо ты лепей, маці мая, не апраўдвайся.

Настасся Карпаўна толькі рукамі адмахвалася.

— Ну, а Ліза, — спытаў Лаўрэцкі, — да яго нераўнадушна?

— Здаецца, ён ёй падабаецца, — а прынамсі, бог яе ведае! Чужая душа, ты ведаеш, цёмны лес, а дзявочая і пагатове. Вось і Шурачкіну душу — паспрабуй, разбяры! Навошта яна хаваецца, а не выходзіць, з той пары, як ты прышоў?

Шурачка фыркнула прыдушаным смехам і выскачыла вон, а Лаўрэцкі падняўся з свайго месца.

— Так, — прамовіў ён з расстаноўкай: — дзявочую душу не адгадаеш.

Ён пачаў развітвацца.

— Што-ж? Хутка мы цябе пабачым? — запытала Марфа Цімафееўна.

— Як давядзецца, цётачка: тут-жа недалёка.

— Так, але-ж ты ў Васільеўскае едзеш. Ты не хочаш жыць у Лаўрыках: — ну, гэта твая справа; толькі ты з‘ездзі, пакланіся мятчынай дамавіне, ды і бабкінай дамавіне дарэчы. Ты там за граніцай усякага розуму набраўся, а хто ведае, можа быць, яны і адчуюць у сваіх могілках, што ты да іх прышоў. Ды не забудзься, Федзя, па Глафіры Петроўне таксама панафіду адслужыць; вось табе і рубель. Вазьмі, вазьмі, гэта я па ёй хачу адслужыць панафіду. Я яе пры жыцці не любіла, а няма чаго сказаць, з характарам была дзеўка. Разум-