Старонка:Рудзін, Дваранскае гняздо (1935).pdf/237

Гэта старонка не была вычытаная

самыя палі, тыя-ж стэпавыя малюнкі; сцёртыя падковы прыпражных папераменна блішчаць скрозь зыбісты пыл; кашуля фурмана, жоўтая, з чырвонымі ластаўкамі, надуваецца ад ветру… „Нішто вяртаюся я на радзіму“ прамільгнула ў Лаўрэцкага ў галаве; і ён закрычаў: „Пайшоў!“ — захінуўся ў шынель і шчыльней прыгарнуўся да падушкі. Тарантас штурханула: Лаўрэцкі выпрастаўся і шырока адкрыў вочы. Перад ім на ўзгорку цягнулася невялікая вёска; крыху ўправа бачыўся стары панскі домік, з зачыненымі акяніцамі і крывым ганкам; па шырокаму двару, ад самых варот, расла крапіва, зялёная і густая, як канапля; тут-жа стаяў дубовы, яшчэ моцны, амбарчык. Гэта было Васільеўскае.

Фурман павярнуў да варотаў, спыніў коней; лёкай Лаўрэцкага прыпадняўся на козлах і, як-бы рыхтуючыся саскочыць, закрычаў: гэй! Пачуўся сіплы, глухі брэх; але нават сабакі не паказалася; лёкай зноў прыгатаваўся саскочыць, ізноў закрычаў: гэй! Паўтарыўся старэчы брэх і, праз момант, на двор, невядома адкуль, выбег чалавек у нанкавым жупане, з белай, як снег, галавой; ён паглядзеў, закрываючы вочы ад сонца, на тарантас, ударыў сябе раптам абедзвума рукамі па ляжках, спачатку крыху замітусіўся на месцы, потым кінуўся адчыняць вароты. Тарантас уехаў на двор, грукаючы коламі па крапіве, і спыніўся перад ганкам. Белагаловы чалавек, вельмі відаць рухавы, ужо стаяў, шырока і крыва расставіўшы ногі на апошняй ступеньцы, аддзяліў перадок, сударгава таргануўшы ўгару скурат і, дапамагаючы пану спусціцца на зямлю, пацалаваў у яго руку.

— Здароў, здароў, браце, — прагаварыў Лаўрэцкі: — цябе, здаецца, Антонам завуць? Ты жывы яшчэ?