Старонка:Рудзін, Дваранскае гняздо (1935).pdf/251

Гэта старонка не была вычытаная

чына справядлівая, сур‘ёзная, з узвышанымі пачуццямі, а ён… ён ды-ле-тант, адным словам.

— Але-ж яна яго кахае?

Лем устаў з лавачкі.

— Не, яна яго не кахае, альбо яна вельмі чыстая сэрцам і не ведае сама, што гэта значыць: кахаць. Мадам фон-Каліцін ёй гаворыць, што ён харошы малады чалавек, а яна слухаецца мадам фон-Каліцін, бо яна яшчэ зусім дзіця, хаця ёй і дзевятнаццаць год: моліцца раніцою, моліцца ўвечары, — і гэта вельмі пахвальна; але яна яго не кахае. Яна можа кахаць адно прыгожае, а ён не прыгожы, гэта значыць, душа яго не прыгожая.

Лем сказаў усю гэту прамову звязна і палка, расхаджваючы маленькімі крокамі ўзад і ўперад перад чайным столікам і бегаючы вачыма па зямлі.

— Найдаражэйшы маэстра! — усклікнуў раптам Лаўрецкі: — мне здаецца, што вы самі закаханы ў маю кузіну.

Лем раптам застанавіўся.

— Калі ласка, — пачаў ён няпэўным голасам: — не жартуйце так са мною. Я не вар‘ят. Я ў цёмную магілу гляджу, не ў ружовую будучыню.

Лаўрэцкаму зрабілася шкада старога; ён папрасіў у яго прабачэння. Лем пасля чаю сыграў яму сваю кантату, а за абедам, выкліканы самім Лаўрэцкім, зноў разгаварыўся пра Лізу. Лаўрэцкі слухаў яго ўважліва і з цікавасцю.

— Як вы думаеце, Хрыстафор Фёдарыч, — сказаў ён, нарэшце: — у нас-жа цяпер, здаецца, усё ў парадку, сад закрасаваў. Ці не запрасіць яе сюды на дзень, разам з яе мацер‘ю і маёй бабуляй-цёткай — а? Вам гэта будзе прыемна?

Лем нахіліў галаву над талеркай.

— Запрасіце, — прыказаў ён ледзь чутна.

— А Паншына не трэба?