Старонка:Рудзін, Дваранскае гняздо (1935).pdf/255

Гэта старонка была вычытаная

— Але-ж здаецца… — пачала была Мар‘я Дзімітраўна… — аднак, як хочаце, — дадала яна.

Вырашана было ўзяць Леначку і Шурачку. Марфа Цімафееўна адмовілася ад паездкі.

— Цяжка мне, свецік, сказала яна: — косці старыя ламаць; і начаваць у цябе, мабыць, недзе; ды мне і не спіцца ў чужым ложку. Няхай гэта моладзь скача.

Лаўрэцкаму ўжо не ўдалося больш пабываць сам-на-сам з Лізай; але ён так глядзеў на яе, што ёй і хораша рабілася, і сорамна крышку, і шкада яго. Развітваючыся з ёй, ён моцна паціснуў ёй руку; яна задумалася, застаўшыся адна.

ХХV

Калі Лаўрэцкі звярнуўся дадому, яго сустрэў на парозе гасцінай чалавек высокага росту і худы, у абшарпаным сінім сурдуце, з маршчыністым, але жывым абліччам, з растрапанымі сівымі бакенбардамі, даўгім, простым носам і невялікімі запаленымі вочкамі. Гэта быў Міхалевіч, былы яго таварыш па універсітэту. Лаўрэцкі спачатку не пазнаў яго, але горача яго абняў, як толькі той назваў сябе. Яны не бачыліся з Масквы. Пасыпаліся воклікі, роспыты; выступілі на свет божы даўно заглохлыя ўспаміны. Спешна выкурваючы люльку за люлькай, адпіваючы пакрыху чаю і размахваючы даўгімі рукамі, Міхалевіч расказаў Лаўрэцкаму свае прыгоды; у іх не было нічога вельмі вясёлага, удачай у прадпрыемствах сваіх ён пахвастацца не мог, — а ён без перастанку смяяўся сіплым, нервічным рогатам. Месяц таму назад атрымаў ён месца ў прыватнай канторы багатага адкупшчыка, вёрст за 300 ад горада О… і, даведаўшыся пра зварот Лаўрэцкага з-за граніцы, звяр-