Старонка:Рудзін, Дваранскае гняздо (1935).pdf/259

Гэта старонка не была вычытаная

і нічога не робіш; ляжыш сытым брухам дагары і гаворыш: так яно і трэба ляжаць, бо усё, што людзі не робяць, — усё бязглуздзіца і нікчэмная лухта.

— Ды з чаго ты ўзяў, што я ляжу? — паўтарыў Лаўрэцкі: — скуль ты ведаеш што ў мяне такія думкі?

— А апрача таго, усе вы, ваш брат, — не пераставаў шумлівы Міхалевіч: — начытаныя абібокі. Вы ведаеце, на якую ножку немец кульгае; ведаеце, што дрэнна ў англічан і французаў, — і вам ваша мізэрнае веданне не дапамагае, ляну вашу ганебную, бяздзейнасць вашу гнусную апраўдвае. Іншы нават ганарыцца тым, што я, вось, разумніца — ляжу, а тыя, дурныя, клапоцяцца. Так! — а яшчэ ёсць у нас такія людзі — прынамсі, я гэта кажу не наконт цябе, — якія ўсё жыццё сваё праводзяць у нейкай млявасці нуды, звыкаюцца з ёй, сядзяць у ёй, як… як грыб у смятане, — падхапіў Міхалевіч і сам засмяяўся свайму параўнанню. — О, гэта млявасць нуды — згуба рускіх людзей! Увесь век збіраецца работаць, агідны абібок…

— Ды што-ж ты сварышся? — лемантаваў у сваю чаргу Лаўрэцкі. — Работаць… рабіць… Скажы лепей, што рабіць, а не сварыся, Дэмасфен палтаўскі!

— Бач, чаго захацеў! Гэта я табе не скажу, браце, гэта кожны сам павінен ведаць, — адказваў з іроніяй Дэмасфен. — Памешчык! дваранін! і не ведае, што рабіць! Веры няма, а то-ж ты ведаў-бы, веры няма — і няма шчырасці.

— Дай-жа, хаця, аддыхнуць, чорт; дай азірнуцца, — прасіў Лаўрэцкі.

— Ні мінуты адпачынку, ні секунды! — адказаў з уладарным рухам рукі Міхалевіч. — Ні адной секунды! — смерць не чакае, і жыццё чакаць не павінна.