Старонка:Рудзін, Дваранскае гняздо (1935).pdf/264

Гэта старонка не была вычытаная

і нават сам закідваў вудачку, грацыёзна нахіляючыся ўперад усёю постаццю. Мар‘я Дзімітраўна ў той-жа дзень выказалася пра яго Фёдару Іванычу наступнай фразай на інстытуцка-французскай мове: „Il n‘y а plus maintenant de ces gens comme ça comme autrefois[1]“. Лем з двума дзяўчынкамі адправіўся далей, да самай плаціны. Лаўрэцкі змясціўся каля Лізы. Рыба клявала бесперастанку; злоўленыя карасі раз-у-раз блішчэлі ў паветры сваімі і залатымі, і срэбранымі бакамі; радасныя воклікі дзяўчынак не змаўкалі; сама Мар‘я Дзімітраўна томна віскнула разы два. Радзей за ўсіх бралася ў Лаўрэцкага і ў Лізы; мабыць, гэта было таму, што яны менш за іншых звярталі ўвагу на лоўлю і далі паплаўкам сваім падплыць да самага берагу. Чырванаваты высокі чарот ціха шамацеў вакол іх, наперадзе ціха зіхацела нерухомая вада, і размова ў іх ішла ціхая. Ліза стаяла на маленькім плыце; Лаўрэцкі сядзеў на нахіленым ствале вярбы; на Лізе было белае адзенне, перахопленае вакол пояса шырокай, таксама белай тасьмой; саламяны капялюш вісеў у яе на адной руцэ, — другою яна з некаторай патугай падтрымлівала гнуткае вудзільна. Лаўрэцкі глядзеў на яе чысты, некалькі строгі профіль, на закінутыя за вушы валасы, на нежныя шчокі, якія загарэлі ў яе, як у дзіцяці, — і думаў: „О, як люба стаіш ты над маім возерам!“ Ліза не зварочвалася да яго, а глядзела на ваду — і альбо жмурылася, альбо ўсміхалася. Цень ад блізкай ліпы падаў на абаіх.

— А ведаеце, — пачаў Лаўрэцкі: — я шмат думаў пра нашу апошнюю размову з вамі і прышоў да таго вываду, што вы надзвычай добрыя.

— Я зусім не з тымі намерамі… — адказала была Ліза — і засаромелася.

  1. Цяпер ужо няма такіх слуг, якія бывалі даўней (фр.).