Старонка:Рудзін, Дваранскае гняздо (1935).pdf/265

Гэта старонка не была вычытаная

— Вы добрыя, — паўтарыў Лаўрэцкі. — Я тапорны чалавек, а адчуваю, што ўсе павінны вас любіць. Вось хоць-бы Лем. Ён проста закаханы ў вас.

Бровы ў Лізы — не нахмурыліся, а здрыгнулі; гэта з ёю заўжды бывала, калі яна чула нешта непрыемнае.

— Дужа яго мне было шкада сёння, — падхапіў Лаўрэцкі: — з яго няўдалым рамансам. Быць маладым і не ўмець — гэта яшчэ нішто; але састарэцца і не быць у сілах — гэта цяжка. Але-ж крыўдна тое, што не чуеш, калі знікаюць сілы. Старому цяжка вытрываць такія ўдары!.. Сцеражыцеся, у вас клюе… Кажуць, — дадаў Лаўрэцкі, памаўчаўшы: — Владзімір Нікалаіч напісаў вельмі добры раманс.

— Так, — адказала Ліза: — гэта дробязь, але нядрэнная.

— А як па-вашаму, — спытаў Лаўрэцкі: — добры ён музыкант?

— Мне здаецца, у яго вялікія здольнасці да музыкі; але ён да гэтага часу не займаўся ёю, як належыць.

— Так. А чалавек ён добры?

Ліза засмяялася і хутка зірнула на Фёдара Іваныча.

— Якое дзіўнае запытанне! — усклікнула яна, выцягнула вудачку і далёка закінула яе зноў.

— Чаму ж дзіўнае? — Я пытаюся пра яго ў вас, як чалавек, нядаўна сюды прыехаўшы, як сваяк.

— Як сваяк?

— Так. Я-ж вам, здаецца, даводжуся дзядзькам?

— У Владзіміра Нікалаіча добрае сэрца, — загаварыла Ліза: — ён разумны, maman[1] яго вельмі любіць.

  1. Маці (фр.).