ваць чай, яна мімаволі павярнула галаву ў яго бок. Ён зараз-жа пайшоў за ёй.
— Што з вамі? — праказала яна, ставячы чайнік на самавар.
— А хіба што вы заўважылі? — праказаў ён.
— Вы сёння не такі, якім я вас бачыла да гэтай пары.
Лаўрэцкі нахіліўся над сталом.
— Я хацеў, — пачаў ён: — перадаць вам адну вестку, але цяпер немагчыма. — Аднак, прачытайце вось, што адзначана алоўкам ў гэтым фельетоне, — дадаў ён, падаючы ёй нумар узятага з сабою журнала. — Прашу захаваць гэта ў сакрэце; я зайду заўтра раніцою.
Ліза здзівілася… Паншын з‘явіўся на парозе дзвярэй: яна паклала журнал сабе ў кішэню.
— Чыталі вы Обермана, Лізавета Міхайлаўна? — задумлёна спытаў яе Паншын.
Ліза адказала яму мімаходзь і пайшла з-залы наверх. Лаўрэцкі звярнуўся ў гасціную і падышоў да ігральнага стала. Марфа Цімафееўна, распусціўшы істужкі чапца і пачырванеўшы, пачала яму скардзіцца на свайго партнёра, Гедэонаўскага, які, па яе словах, ступіць не ўмеў.
— Відаць, у карты гуляць, — гаварыла яна, — не тое, што плёткі выдумляць.
Той не пераставаў міргаць вачыма і выцірацца. Ліза прышла ў гасціную і села ў куток; Лаўрэцкі паглядзеў на яе, яна на яго паглядзела, — і абаім зрабілася амаль жудасна. Ён прачытаў недаўразуменне і нейкі захаваны дакор на яе твары. Пагаварыць з ёю, як-бы яму хацелася, ён не мог; заставацца ў адным пакоі з ёю, гасцём у ліку іншых гасцей — было цяжка: ён наважыўся адыйсці. Развітваючыся з ёю, ён паспеў паўтарыць, што прыдзе заўтра, і дадаў, што спадзяецца на яе дружбу.