Старонка:Рудзін, Дваранскае гняздо (1935).pdf/275

Гэта старонка не была вычытаная

— Прыходзьце, — адказала яна з тым-жа недаўразуменнем на твары.

Паншын ажывіўся пасля адыходу Лаўрэцкага; ён пачаў даваць парады Гедэонаўскаму, смяшліва захапляўся Беленіцынай і, нарэшце, праспяваў свой раманс. Але з Лізай ён гаварыў і глядзеў на яе па-ранейшаму: значна і крыху смутліва.

А Лаўрэцкі зноў не спаў усю ноч. Яму не было сумна, ён не хваляваўся, ён сціхнуў увесь; але ён не мог спаць. Ён нават не ўспамінаў мінулага; ён проста глядзеў у сваё жыццё: сэрца яго білася цяжка і роўна, гадзіны ляцелі, ён і не думаў пра сон. Часамі толькі ўсплывала ў яго галаве думка: „ды гэта не праўда, гэта ўсё глупства“, — і ён застанаўліваўся, знікаў галавою і зноў прымаўся глядзець у сваё жыццё.

XXIX

Мар‘я Дзімітраўна не вельмі ласкава прыняла Лаўрэцкага, калі ён з‘явіўся да яе на наступны дзень. „Бач, унадзіўся“, — падумала яна. Ён ёй сам па сабе не вельмі падабаўся, ды і Паншын, пад уплывам якога яна знаходзілася, вельмі хітра і безуважна пахваліў яго напярэдадні. З той прычыны, што яна не лічыла яго госцем і не лічыла патрэбным забаўляць сваяка, амаль хатняга чалавека, то і поўгадзіны не прайшло, як ён ужо ішоў з Лізай у садзе па прысадах. Леначка і Шурачка бегалі за некалькі крокаў ад іх па кветніку.

Ліза была спакойна, як зазвычай, але больш звычайнага бледная. Яна дастала з кішэні і працягнула Лаўрэцкаму дробна складзены аркуш журнала.

— Гэта жахліва, — праказала яна.

Лаўрэцкі нічога не адказаў.