граў эцюд вельмі здавальняюча. Спачатку Наталья Алексееўна ўважліва слухала, потым зноў узялася за работу.
— Mersі, c'est charmant[1], —прамовіла Дар'я Міхайлаўна: — люблю Тальберга. Іl est sі dіstіngue[2]. Што вы задумаліся, Афрыкан Семёныч?
— Я думаю, — пачаў павольна Пігасаў, — што ёсць тры катэгорыі эгаістаў: эгаісты, якія самі жывуць і жыць даюць іншым; эгаісты, якія самі жывуць і не даюць жыць іншым; нарэшце, эгаісты, якія і самі не жывуць, і іншым не даюць... Жанчыны, у большасці, належаць да апошняй катэгорыі.
— Як гэта міла! Аднаму я толькі дзіўлюся, Афрыкан Семёныч, якая ў вас самаўпэўненасць у меркаваннях; нібыта вы ніколі памыліцца не можаце.
— Хто гаворыць! І я памыляюся; мужчына таксама можа памыляцца. Але ці ведаеце, якая розніца між памылкаю нашага брата і памылкаю жанчыны? Не ведаеце? Вось якая: мужчына можа, напрыклад, сказаць, што двойчы-два не чатыры, а пяць альбо тры з паловай, а жанчына скажа, што двойчы два — стэарынавая свечка.
— Я ўжо гэта, здаецца, чула ад вас... Але дазвольце спытаць, якія адносіны мае ваша думка адносна трох катэгорый эгаістаў да музыкі, якую вы зараз чулі?
— Ніякага, ды я і не слухаў музыкі.
— Ну, „ты, батюшка, я вижу, неисправим, хоть брось", — адказала Дар'я Міхайлаўна, крыху скажаючы Грыбаедаўскі верш — Што-ж вы любіце, калі вам і музыка не падабаецца? Літаратуру, мабыць?