Старонка:Рудзін, Дваранскае гняздо (1935).pdf/299

Гэта старонка не была вычытаная

Стары, ні слова не кажучы, велічным рухам рукі кінуў з акна ключ ад дзвярэй на вуліцу. Лаўрэцкі жвава ўзбег нагару, увайшоў у пакой і хацеў-быў кінуцца да Лема; але той уладарна паказаў яму на крэсла, адрывіста сказаў па-руску: „сядайце і слушыць“; сам сеў за фартэп‘яна, горда і строга зірнуў вакол і зайграў. Даўно Лаўрэцкі не чуў нічога падобнага: салодкая, палкая мелодыя з першага гуку ахапіла яго сэрца; яна ўся ззяла, уся тамілася натхненнем, шчасцем, хараством; яна расла і таяла; яна закранала ўсё, што ёсць на зямлі дарагое, таемнае і святое; яна дыхала бессмяротнай тугою і адыходзіла паміраць у нябёсы: Лаўрэцкі выпрастаўся і стаяў, пахаладзелы і бледны ад захаплення. Гэтыя гукі так і ўпіваліся ў яго душу, толькі што ўзрушаную шчасцем кахання; яны самі палалі каханнем. „Паўтарыце“, прашаптаў ён, як толькі празвінеў апошні акорд. Стары кінуў на яго арліны зірк, пастукаў рукою па грудзях і, праказаўшы павольна на роднай сваёй мове: „гэта я зрабіў, бо я вялікі музыкант“, зноў сыграў сваю цудоўную кампазіцыю. У пакоі не было свячэй; свет выплыўшага месяца скосу падаў у вокны; звонка трапятала чуткае паветра; маленькі, бедны пакойчык здаваўся святыняй, і высока, і натхнёна падымалася ў срабрыстым поўзмроку галава старога. Лаўрэцкі падышоў да яго і абняў яго. Спачатку Лем не адказваў на яго абняцце, нават адхіліў яго локцем; доўга, не кратаючыся ні адным членам, глядзеў ён усё так-жа строга, амаль груба, і толькі разы два прамычэў: ага! Нарэшце, яго зменены твор супакоіўся, апусціўся, і ён, у адказ на гарачыя віншаванні Лаўрэцкага спачатку ўсміхнуўся крыху, потым заплакаў, слаба ўсхліпваючы, як дзіця.