Старонка:Рудзін, Дваранскае гняздо (1935).pdf/300

Гэта старонка не была вычытаная

— Гэта цікава, — сказаў ён; што вы менавіта цяпер прышлі; — але я ведаю, усё ведаю.

— Вы ўсё ведаеце? — праказаў з замяшаннем Лаўрэцкі.

— Вы мяне чулі, — адказаў Лем: — хіба вы не зразумелі, што я ўсё ведаю?

Лаўрэцкі да раніцы не мог заснуць: ён усю ноч праседзеў на ложку. І Ліза не спала: яна малілася.

ХХХV

Чытач ведае, як вырас і развіваўся Лаўрэцкі; скажам некалькі слоў пра выхаванне Лізы. Ёй мінуў 10-ы год, калі бацька яе памёр; але ён мала займаўся ёю. Завалены справамі, заўсёды заклапочаны павелічэннем сваёй маёмасці, зласлівы, рэзкі, нецярплівы, ён не скупіўшыся даваў грошы на настаўнікаў, гувернёраў, на адзенне ды іншыя патрэбы дзяцей; але цярпець не мог, як ён выказваўся, „няньчыцца з пісклятамі“, — ды і некалі яму было няньчыцца з імі: ён працаваў, вазіўся з справамі, спаў мала, зрэдку гуляў у карты, зноў працаваў; ён сам сябе параўноўваў з канём, запрэжаным у малатарню. „Хуценька жыццё маё праскочыла“, прамовіў ён па смяротным ложы з горкай усмешкай на засмаглых губах. Мар‘я Дзімітраўна ў сутнасці не многа больш за мужа займалася Лізай, хаця яна і хвасталася перад Лаўрэцкім, што яна выхавала дзяцей сваіх: яна адзявала яе, як ляльку, пры гасцях гладзіла яе па галоўцы і называла ў вочы разумніцай і душкай — і толькі: млявую барыню стамляла кожная безупынная турбота. Пры жыцці бацькі Ліза знаходзілася на руках гувернанткі, дзяўчыны Маро з Парыжа; а пасля яго смерці паступіла ў веданне Марфы Цімафееўны. Марфу Цімафееўну чытач ведае; а дзяў-