Старонка:Рудзін, Дваранскае гняздо (1935).pdf/301

Гэта старонка не была вычытаная

чына Маро была малюсенькае, зморшчанае стварэнне з птушынымі манерамі і птушыным разумком. У маладосці яна вяла жыццё вельмі лёгкадумнае, а пад старасць засталіся ў яе толькі дзве слабасці — да ласункаў і да картаў. Калі яна была сытая, не гуляла ў карты і не балбатала, — твар у яе зараз-жа прымаў выгляд амаль змярцвелы: сядзіць, бывала, глядзіць, дыхае — і так і відаць, што ніякай думкі не прабягае ў галаве. Яе нават не можна было назваць добраю: не бываюць-жа добрыя птахі. Ці з прычыны лёгкадумна праведзенай маладосці, альбо ад парыжскага паветра, якім яна надыхалася з маленства, — у ёй гнездзілася нешта накшталт усеагульнага дзяшовенькага скептыцызма, які выказваўся звычайна словамі: „tout ça c‘est des bêtises[1]“. Яна гаварыла няправільным, але чыста-парыжскім жаргонам, не пляткарыла і не капрызнічала, — што-ж больш яшчэ жадаць ад гувернанткі? На Лізу яна мела мала ўплыву; тым мацней быў уплыў на яе нянькі, Агаты Уласаўны.

Лёс гэтай жанчыны быў цікавы. Яна паходзіла з сялянскай сям‘і; 16-ці год яе аддалі за мужыка; але ад сваіх сясцёр-сялянак яна вызначалася рэзка. Бацька яе год дваццаць быў старастам, нажыў грошай многа і песціў яе. Красуня яна была незвычайная, першая фарсуння па ўсёй ваколіцы, разумніца, гаварлівая, смелая. Яе пан, Дзімітры Пестоў, бацька Мар‘і Дзімітраўны, чалавек скромны і ціхі, убачыў яе аднойчы на малацьбе, пагаварыў з ёй і палка ў яе закахаўся. Яна неўзабаве аўдавела; Пестоў, хаця і жанаты быў чалавек, узяў яе да сябе ў дом, адзеў яе па-двароваму. Агата зараз-жа асвойталася з новым сваім становішчам, нібы яна век свой інакш не жыла. Яна пабялела, папаўнела;

  1. Усё гэта глупства.