Старонка:Рудзін, Дваранскае гняздо (1935).pdf/311

Гэта старонка не была вычытаная

ён: якая была-б розніца? Я-б не ведаў, што Ліза мяне кахае, яна-б сама гэтага не ведала“. Ён не мог адагнаць ад сябе вобраза, голаса, узрокаў сваёй жонкі… і ён праклінаў сябе, праклінаў усё на свеце.

Змучаны, прышоў ён перад раніцай да Лема. Доўга ён не мог дастукацца; нарэшце, у акне з‘явілася галава старога ў каўпаку, кіслая, зморшчаная, ужо зусім не падобная на тую натхнёна-суровую галаву, якая, дваццаць чатыры гадзіны назад, з усёй вышыні сваёй велічы мастака па-царску зірнула на Лаўрэцкага.

— Што вам трэба? — запытаў Лем: — я не магу кожную ноч іграць, я дэкокт прыняў.

Але, відаць твар, у Лаўрэцкага быў вельмі дзіўны: стары зрабіў сабе з рукі над вачыма казырок, угледзеўся ў свайго начнога наведвальніка і ўпусціў яго.

Лаўрэцкі ўвайшоў у пакой і апусціўся на крэсла; стары спыніўся перад ім, захінуўшы полы свайго пярэстага старога халата, скорчыўшыся і шамкаючы губамі.

— Мая жонка прыехала, — праказаў Лаўрэцкі, падняў галаву і раптам сам мімаволі засмяяўся.

Твар Лема выказаў здзіўленне, але ён нават не ўсміхнуўся, толькі мацней закруціўся ў халат.

— Вы-ж не ведаеце, — прадоўжваў Лаўрэцкі: — я думаў… я прачытаў у газеце, што яе ўжо няма на свеце.

— О-о, гэта вы нядаўна прачыталі? — спытаў Лем.

— Нядаўна.

— О-о, — паўтарыў стары і высока падняў бровы. — І яна прыехала?

— Прыехала. Яна цяпер у мяне; а я… я няшчасны чалавек.

І ён зноў усміхнуўся.