вы ведаеце, добры дом; вы будзеце атрымоўваць усё неабходнае, звыш пенсіі… Згодны вы?
Варвара Паўлаўна паднесла вышываную хустачку да твара.
— Я вам ужо сказала, — прамовіла яна, нервічна торгаючы губамі: — што я на ўсё буду згодна, што-б вам не пажадана было зрабіць са мною; на гэты раз застаецца мне запытаць у вас: ці дазволіце вы мне хаця-бы падзякаваць вас за вашу велікадушнасць?
— Без падзякі, прашу вас, — гэтак лепей, — паспешна праказаў Лаўрэцкі. — Значыць — прадоўжваў ён, набліжаючыся да дзвярэй: — я магу разлічваць…
— Заўтра-ж я буду ў Лаўрыках, — праказала Варвара Паўлаўна, з пашанай падымаючыся з месца. — Але, Фёдар Іваныч (Тэадорам яна яго больш не называла).
— Што вам патрэбна?
— Я ведаю, я яшчэ нічым не заслужыла вашага падаравання; ці магу я спадзявацца хаця-бы, што з часам…
— Эх, Варвара Паўлаўна, — перапыніў яе Лаўрэцкі: — вы разумная жанчына, ды але-ж і я не дурны; я ведаю, што гэта вам зусім не патрэбна. А я даўно вам дараваў, але між намі заўсёды было бяздонне.
— Я здолею пакарыцца, — адказала Варвара Паўлаўна і схіліла галаву. — Я не забыла сваёй віны; я-б не здзівілася, калі-б даведалася, што вы нават узрадваліся паведамленню пра маю смерць, — каротка дадала, яна, злёгку паказваючы рукой на ляжаўшы на стале, забыты Лаўрэцкім нумар журнала.
Фёдар Іваныч здрыгнуў: фельетон быў адзначаны алоўкам. Варвара Паўлаўна яшчэ з большай пакорлівасцю паглядзела на яго. Яна была вельмі