Старонка:Рудзін, Дваранскае гняздо (1935).pdf/317

Гэта старонка не была вычытаная

ніца, і з таго боку, адкуль яна менш за ўсё яе чакала. Марфа Цімафееўна ўвайшла да яе ў пакой і зараз-жа зачыніла за сабой дзверы. Твар бабулі быў бледны, чапец сядзеў на баку, вочы яе блішчэлі, рукі, губы дрыжэлі. Ліза здзівілася, яна ніколі яшчэ не бачыла сваёй разумнай і разважлівай цёткі ў такім стане.

— Хораша, мая любая, — пачала Марфа Цімафееўна дрыжачым і перарывістым шэптам: — хораша! У каго ты гэта толькі вывучылася, маці мая!.. Дай мне вады; я гаварыць не магу.

— Супакойцеся, цётачка; што з вамі? — гаварыла Ліза, падзючы ёй шклянку вады. — Вы-ж самі, здаецца, не былі ласкавы да п. Паншына.

Марфа Цімафееўна адставіла шклянку.

— Піць не магу: зубы сабе апошнія выб‘ю. Які тут Паншын? Прычым тут Паншын? А ты лепей мне скажы, хто цябе навучыў спатканні па начах прызначаць — а? маці мая?

Ліза збляднела.

— Ты, калі ласка, не ўздумай адмаўляцца, — не пераставала Марфа Цімафееўна. — Шурачка сама ўсё бачыла і мне сказала. Я ёй забараніла балбатаць, а яна не зманіць.

— Я і не адмаўляюся, цётачка, — ледзь чутна прамовіла Ліза.

— А-а! Дык вось як, маці мая; ты спатканне яму прызначыла, гэтаму старому грэхаводніку, ціхоню гэтаму?

— Не.

— Як-жа так?

— Я сышла ўніз, у гасцінаю за кніжкай; ён быў у садзе — і паклікаў мяне.

— І ты пайшла? Хораша. Ды ты кахаеш яго, ці што?

— Кахаю, — адказала ціхім голасам Ліза.