Старонка:Рудзін, Дваранскае гняздо (1935).pdf/318

Гэта старонка не была вычытаная

— Матулькі мае! яна яго кахае! — Марфа Цімафееўна сарвала з сябе чапец. — Жанатага чалавека! Кахае? а? кахае!

— Ён мне гаварыў, — пачала Ліза…

— Што ён табе гаварыў, саколік гэтакі, што-о?

— Ён мне гаварыў, што жонка яго памерла.

Марфа Цімафееўна перахрысцілася. — Царства ёй нябеснае, — прашаптала яна: — пустая была маладуха — не тым будзь спамянёна. Вось як: удовы ён, значыць. Ды ён, я бачу, на ўсе рукі. Адну жонку замарыў, ды і за другую. Нішто ціхоня? Толькі вось што я табе скажу, пляменніца: у нашы часы, як я маладая была, дзеўкам за такія выбрыкі балюча даставалася. Ты не гневайся на мяне, маці мая; за праўду адны дурныя злуюцца. Я і адмовіць яму загадала сёння. Я яго люблю, але гэтага я яму ніколі не дарую. Бач, удовы! Дай-жа мне вады. А што ты Паншына з носам адаслала, за гэта ты ў мяне малайчына; толькі не сядзі ты па начах з гэтым казіным племем, з мужчынамі; не засмучай ты мяне, старую. А то-ж я не ўсё лашчыцца — я і кусацца ўмею. Удовы!

Марфа Цімафееўна вышла, а Ліза села ў куток і заплакала. Горка ёй зрабілася на душы; не заслужыла яна такога зневажэння. Не весялосцю ўяўлялася ёй каханне: у другі раз плакала яна з учарайшага вечара. У яе сэрцы ледзь толькі нарадзілася тое новае, нечаканае пачуццё, і ўжо як цяжка паплацілася яна за яго, як груба датыкнуліся чужыя рукі да яе запаветнай тайны! Сорамна, і горка, і балюча было ёй: але ні сумнення, ні страху ў ёй не было, — і Лаўрэцкі зрабіўся ёй яшчэ даражэй. Яна хісталася, покуль сама сябе не зразумела; але пасля таго спаткання, пасля таго пацалунка — яна ўжо хістацца не магла; яна ведала, што кахае, — і пакахала чэсна, не жартам, прывя-