вас, аднак, зусім не чакаў… Так, паверце маёй дасведчанасці: la patrie avant tout[1]. Ах, пакажыце калі ласка, што гэта ў вас за прыгожая мантылька?
— Яна вам падабаецца? — Варвара Паўлаўна жвава спусціла яе з плеч. — Яна вельмі просценькая, ад madame Baudran.
— Гэта зараз відаць. Ад madame Baudran… Як міла і з якім густам! Я ўпэўнена, вы прывезлі з сабою шмат захапляючых рэчаў. Я-б паглядзела.
— Увесь мой туалет да вашых паслуг, найлюбейшая цётачка. Калі дазволіце, я магу што-небудзь паказаць вашай камерыстцы. Са мной служанка з Парыжа, — краўчыха на-дзіва.
— Вы вельмі добрыя, мая любая. Але, сапраўды, мне совесна.
— Совесна… — паўтарыла з дакорам Варвара Паўлаўна. — Хочаце вы мяне ашчаслівіць — распаражайцеся мною, як вашай уласнасцю.
Мар‘я Дзімітраўна растаяла.
— Vous êtes charmante[2], — прагаварыла яна. — Ды што-ж вы не знімаеце ваш капялюш, пальчаткі?
— Як? вы дазваляеце? — спытала Варвара Паўлаўна і злёгку, як-бы з расчуленнем, склала рукі.
— Зразумела; вы-ж паабедаеце з намі, я спадзяюся. Я… я вас пазнаёмлю з маёй дачкою. — Мар‘я Дзімітраўна крыху збянтэжылася. „Ну! была не была!“ — падумала яна. — Яна сёння штосьці нездарова ў мяне.
— О, ma tante[3], якая вы добрая! — усклікнула Варвара Паўлаўна — і паднесла хустку да вачэй.