Старонка:Рудзін, Дваранскае гняздо (1935).pdf/325

Гэта старонка не была вычытаная

— Малады чалавек? — прагаварыла Варвара Паўлаўна. — Хто ён такі? Бедны які-небудзь?

— Змілуйцеся, першы кавалер у нас, ды не толькі ў нас — et à Pétersbourg[1]. Камер-юнкер, у лепшым свеце прыняты. Вы напэўна чулі пра яго: Паншын, Владзімір Нікалаіч. Ён тут па казённаму даручэнню… будучы міністр, змілуйцеся!

— І артыст?

— Артыст у душы, і такі ласкавы. Вы яго ўбачыце. Ён увесь гэты час вельмі часта ў мяне бываў; я запрасіла яго на сёнешні вечар; спадзяюся, што ён прыедзе, — дадала Мар‘я Дзімітраўна з кароткім уздыхам і ўскоснай горкай усмешкай.

Ліза зразумела значэнне гэтай усмешкі; але ёй было не да таго.

— І малады? — паўтарыла Варвара Паўлаўна, злёгку мадуліруючы з тона ў тон.

— Дваццаці васьмі год — і самага шчаслівага выгляду. Un jeune homme accompli[2], змілуйцеся.

— Прыкладны, можна сказаць, юнак, — заўважыў Гедэонаўскі.

Варвара Паўлаўна нечакана зайграла шумны Штраусаўскі вальс, які пачынаўся такой моцнай і шпаркай трэллю, што Гедэонаўскі нават здрыгнуў; у самай сярэдзіне вальса яна раптам перайшла ў сумны матыў і скончыла арыяй з „Лучыі“: Fra росо[3]… Яна сцяміла, што вясёлая музыка не пасуе яе становішчу. Арыя з „Лучыі“, з націскамі на пачуццёвых нотках, вельмі расчуліла Мар‘ю Дзімітраўну.

— Якая душа! — праказала яна ўпоўголаса Гедэонаўскаму.

  1. І ў Пецербургу (фр.).
  2. Зусім малады чалавек (фр.).
  3. У скорым часе (іт.).