Старонка:Рудзін, Дваранскае гняздо (1935).pdf/337

Гэта старонка не была вычытаная

яшчэ крыху, і бядняк, мабыць, зрабіўся-б багачом. Не быць, так не быць — і скончана. Вазьмуся за справу, сцяўшы зубы, ды і загадаю сабе маўчаць; добра, што мне не ўпершы раз браць сябе ў рукі. І чаму я ўцякаў, навошта сяджу тут, схаваўшы, як страус, галаву ў куст? Страшна бядзе ў вочы зірнуць — глупства!“ — Антон! — закрычаў ён гучна: — загадай зараз запрэгчы тарантас. — „Так, — падумаў ён зноў, — трэба загадаць сабе маўчаць, трэба ўзяць сябе ў рукі…“

Такімі разважаннямі стараўся дапамагчы Лаўрэцкі свайму гору, але яно было вялікае і моцнае; і сама, не столькі страціўшая розум, сколькі ўсялякае пачуццё, Апраксея пакачала галавою і смутліва праводзіла яго вачыма, калі ён сеў у тарантас, каб ехаць у горад. Коні скакалі; ён сядзеў нерухома і проста, і нерухома глядзеў уперад на дарогу.

ХLII

Ліза напярэдадні напісала Лаўрэцкаму, каб ён з‘явіўся да іх увечары, але ён спачатку адправіўся да сябе на кватэру. Ён не застаў дома ні жонкі, ні дачкі; ад людзей ён даведаўся, што яна адправілася з ёй да Каліціных. Гэта вестка і здзівіла яго, і абурыла. Відаць, Варвара Паўлаўна наважылася не даваць мне жыць, падумаў ён з хваляваннем злосці ў сэрцы. Ён пачаў хадзіць узад і ўперад, бесперастанку адштурхоўваючы нагамі і рукамі дзіцячыя цацкі, кніжкі, розныя жаночыя прыналежнасці, якія трапляліся яму; ён паклікаў Жустыну і загадаў ёй прыбраць усё гэта „халусце“. — Oui, monsieur[1], сказала яна з грымаскай і пачала прыбіраць пакой, грацыёзна нахіляючыся

  1. Так, мос‘ё (фр.).