Старонка:Рудзін, Дваранскае гняздо (1935).pdf/338

Гэта старонка не была вычытаная

і кожным сваім рухам даючы Лаўрэцкаму адчуць, што яна лічыць яго за нязграбнага мядзведзя. З нянавісцю глядзеў ён на яе зношаны, але ўсё яшчэ „пікантны“, іранічны, парыжскі твар, на яе белыя нарукаўнічкі, шоўкавы фартук і лёгкі чэпчык. Ён выслаў яе нарэшце і, пасля доўгіх хістанняў (Варвара Паўлаўна ўсё не вярталася) наважыўся адправіцца да Каліціных, — не да Мар‘і Дзімітраўны (ён-бы ні завошта не ўвайшоў у яе гасціную, у тую гасціную, дзе знаходзілася яго жонка), але да Марфы Цімафееўны, ён успомніў, што заднія сходні з дзявочага ганка ішлі проста да яе. Лаўрэцкі так і зрабіў. Выпадак дапамог яму: ён на двары сустрэў Шурачку, яна правяла яго да Марфы Цімафееўны. Ён застаў яе, супроць яе звычаю, адну; яна сядзела ў куточку, проставалосая, згорбленая, з сашчэпленымі на грудзях рукамі. Убачыўшы Лаўрэцкага, бабуля вельмі ўспалахнулася, жвава ўстала і пачала хадзіць туды і сюды па пакоі, нібы шукаючы свой чапец.

— А, вось ты, вось, — загаварыла яна, унікаючы яго погляду і мітусячыся: — ну, здароў. Ну, што-ж? Што-ж рабіць! Дзе ты быў учора? Ну, яна прыехала; ну, так. Ну, трэба ўжо так… як-небудзь.

Лаўрэцкі апусціўся на крэсла.

— Ну, сядай, сядай, — не пераставала бабуля. — Ты проста наверх прайшоў? Ну, так, зразумела. Што-ж? ты на мяне прышоў паглядзець? Дзякую.

Бабуля памаўчала; Лаўрэцкі не ведаў, што сказаць ёй; але яна яго разумела.

— Ліза… так, Ліза зараз тут была, — гаварыла далей Марфа Цімафееўна, завязваючы і развязваючы шнуркі свайго рыдыкуля. — Яна не зусім здарова. Шурачка, дзе ты? Ідзі сюды, маці мая, што гэта пасядзець не можаш? І мне галава баліць. Мабыць, ад гэфтага ад спявання, ды ад музыкі.