Старонка:Рудзін, Дваранскае гняздо (1935).pdf/343

Гэта старонка не была вычытаная

І яна паднесла хустку да сваіх губ.

— Дайце мне, хаця-бы, гэтую хустку.

Дзверы рыпнулі… Хустачка ўпала на калені Лізы, Лаўрэцкі падхапіў яе, раней чым яна паспела зваліцца на падлогу, хутка сунуў яе ў бакавую кішэню, і, абярнуўшыся, сустрэўся вачыма з Марфай Цімафееўнай.

— Лізачка, — мне здаецца, цябе маці кліча, — прамовіла бабуля.

Ліза зараз-жа ўстала і вышла.

Марфа Цімафееўна зноў села ў свой куточак. Лаўрэцкі пачаў развітвацца з ёй.

— Федзя, — сказала яна раптам.

— Што, цётачка?

— Ты сумленны чалавек?

— Як?

— Я пытаюся цябе: — ці сумленны ты чалавек?

— Спадзяюся, так.

— Гм. А дай мне слова гонару, што ты сумленны чалавек.

— Калі жадаеце, Але навошта гэта?

— Ужо я ведаю, навошта. Ды і ты, мой дабрадзею, калі падумаеш харашэнька, — ты-ж не дурны, — сам зразумееш, навошта я гэта ў цябе пытаюся. А цяпер бывай, пане мой. Дзякую, што наведаў: а слова сказанае памятай, Федзя, ды пацалуй мяне. Ох, душа мая, цяжка табе, ведаю; ды але-ж і ўсім не лёгка. Ужо на што я, бывала, зайздросціла мухам; вось, думала я, каму добра на свеце пажыць; ды пачула аднаго разу ноччу, як муха ў павука ў лапках спявае, — не, думаю, і на іх ёсць граза. Што рабіць, Федзя; а слова сваё ўсё-такі памятай. Ідзі, ідзі,

Лаўрэцкі вышаў з задняга ганка і ўжо набліжаўся да варотаў… яго нагнаў лёкай.