бамі. Гарнітур на ім быў не новы і вузкі, нібыта ён з яго вырас.
Ён жвава падышоў да Дар'і Міхайлаўны, і, пакланіўшыся кароткім паклонам, сказаў ёй, што ён даўно жадаў мець гонар прадставіцца ёй, і што прыяцель яго, барон, вельмі шкадаваў аб тым, што не мог развітацца асабіста.
Тонкі гук голаса Рудзіна не адпавядаў яго росту і шырокім грудзям.
— Сядайце... вельмі рада, — праказала Дар'я Міхайлаўна і, пазнаёміўшы яго з усёй кампаніяй, спытала, тутэйшы ён, або заезджы.
— Мой маёнтак у Т... ой губерні, — адказаў Рудзін, трымаючы капялюш на каленях: — а тут я нядаўна. Я прыехаў па справе і пасяліўся пакуль у вашым павятовым горадзе.
— У каго?
— У доктара. Ён мой стары таварыш па універсітэту.
— А! у доктара... Яго хваляць. Ён, кажуць, сваю справу разумее. А з баронам вы даўно знаёмы?
— Гэтаю зімою ў Маскве я з ім сустрэўся і цяпер правёў у яго каля тыдня.
— Ён вельмі разумны чалавек — барон.
— Так-с.
Дар'я Міхайлаўна панюхала вузельчык насавой хустачкі, надушаны адэкалонам.
— Вы служыце? — спытала яна.
— Хто? я-с?
— Так.
— Не... я ў адстаўцы.
Настала невялікае маўчанне. Агульная гутарка аднавілася.
— Дазвольце пацікавіцца, — пачаў Пігасаў, звярнуўшыся да Рудзіна: — вам вядомы змест артыкула, прысланага панам баронам?