— Так, так, — праказала яна шэптам: — гэта добра.
І яна пайшла яшчэ хутчэй.
— Вы задаволены?
Ліза толькі галавой кіўнула.
— Фёдар Іваныч, — пачала яна спакойным, але слабым голасам: — я хацела вас прасіць: не прыходзьце больш да нас, выязджайце хутчэй; мы можам пасля ўбачыцца, — калі-небудзь, праз год. А цяпер, зрабіце гэта для мяне; выканайце маю просьбу, на ўсё святое.
— Я вас ва ўсім гатоў паслухацца, Лізавета Міхайлаўна: — але няўжо мы так павінны разлучыцца? Няўжо вы мне не скажаце ні аднаго слова?..
— Фёдар Іваныч, вось вы цяпер ідзеце каля мяне… А ўжо вы так далёка, далёка ад мяне. І не вы адны, а…
— Дагаварвайце, прашу вас! — усклікнуў Лаўрэцкі: — што вы хочаце сказаць?
— Вы пачуеце, можа быць… але што-б ні было; забудзьцеся… не, не забывайцеся на мяне, памятайце пра мяне.
— Мне на вас забыцца…
— Даволі, бывайце. Не ідзіце за мной.
— Ліза, — пачаў-бы Лаўрэцкі…
— Бывайце, бывайце! — паўтарыла яна, яшчэ ніжэй спусціла велюм і амаль бягом пусцілася ўперад.
Лаўрэцкі паглядзеў ёй услед і, панурыўшы галаву, адправіўся назад па вуліцы. Ён натыкнуўся на Лема, які таксама ішоў, насунуўшы капялюш на нос і гледзячы сабе пад ногі.
Яны моўчкі паглядзелі адзін на аднаго.
— Ну, што скажаце? — праказаў, нарэшце, Лаўрэцкі.
— Што я скажу? — хмура адказаў Лем: — нічога