Старонка:Рудзін, Дваранскае гняздо (1935).pdf/357

Гэта старонка не была вычытаная

Усё гэта замаліць, замаліць трэба. Вас мне шкада, шкада мамы, Леначкі; але нічога не зробіш; чую я, што мне не жыццё тут; я ўжо з усім развіталася, усяму ў доме пакланілася ў апошні раз; заклікае мяне штосьці; цяжка мне, хочацца мне зачыніцца на-век. Не затрымлівайце мяне, не адгаварвайце, дапамажыце мне, або я адна адыйду…

Марфа Цімафееўна з жахам слухала сваю пляменніцу.

„Яна хворая, брэдзіць, — думала яна: — трэба паслаць за доктарам; ды за якім? Гедэонаўскі нядаўна хваліў нейкага; ён усё хлусіць — а, можа быць, гэтым разам і праўду сказаў“. Але калі яна пераканалася, што Ліза не хворая і не брэдзіць, калі на ўсе яе словы Ліза адказвала адным і тым-жа, Марфа Цімафееўна спалохалася і засумавала не на жарт. — Але-ж ты не ведаеш, галубачка ты мая, — пачала яна яе ўгаварваць: — якое жыццё ў манастырах! Яны-ж цябе, маю родную, алеем канапляным, зялёным карміць будуць, бялізну табе надзенуць тоўстую-тоўстую; па холадзе хадзіць прымусяць; ты-ж усяго гэтага не вытрываеш, Лізачка. Гэта ўсё ў цябе Агатавы сляды, гэта яна цябе з глузду звяла. Але-ж яна пачала з таго, што пажыла і на сваю пацеху пажыла; пажыві і ты. Дай мне хоць памерці спакойна, а там рабі што хочаш. І хто-ж гэта калі бачыў, каб з-за гэтакага, з-за казінага племя, даруй божа, з-за мужчыны ў манастыр ісці? Ну, калі табе так цяжка, з‘ездзі, памаліся святому, малебен адслужы, ды не надзявай ты чорнага шлыка на сваю галаву, татулька ты мой, матулька ты мая…

І Марфа Цімафееўна горка заплакала.

Ліза суцяшала яе, выцірала яе слёзы, сама плакала, але засталася цвёрдай. З адчаю Марфа Цімафееўна паспрабавала пусціць у ход пагрозу: