Старонка:Рудзін, Дваранскае гняздо (1935).pdf/358

Гэта старонка не была вычытаная

усё сказаць мацеры… але і гэта не дапамагло. Толькі з прычыны вялікіх просьб бабулі, Ліза згадзілася адкласці выкананне свайго намеру на паўгода; за гэта Марфа Цімафееўна павінна была даць ёй слова, што сама дапаможа ёй і выпрасіць згоду Мар‘і Дзімітраўны, калі праз шэсць месяцаў яна не зменіць свайго намеру.

∗     ∗

З надышоўшымі першымі халадамі, Варвара Паўлаўна, не гледзячы на сваё абяцанне закапацца ў глушы, запасшыся грашыма, перасялілася ў Пецербург, дзе наняла скромную, але прыгожанькую кватэру, адшуканую для яе Паншыным, які яшчэ раней за яе пакінуў О…скую губерню. За апошні час свайго прабывання ў О… ён зусім страціў прыхільнасць Мар‘і Дзімітраўны; ён раптам перастаў яе наведваць і амаль не выязджаў з Лаўрыкаў. Варвара Паўлаўна яго падняволіла, менавіта падняволіла; іншымі словамі не можна выказаць яе неабмежаваную, беззваротную, безадказную ўладу над ім.

Лаўрэцкі пражыў зіму ў Маскве, а вясною наступнага года дайшла да яго вестка, што Ліза пастрыглася ў Б…м манастыру, у адным з далёкіх краёў Расіі.

ЭПІЛОГ

Прайшло восем год. Зноў настала вясна… Але скажам раней некалькі слоў пра лёс Міхалевіча, Паншына, пані Лаўрэцкай, — і развітаемся з імі. Міхалевіч, пасля доўгіх вандраванняў, трапіў, нарэшце, на сапраўдны свой шлях: ён атрымаў месца старэйшага надзірацеля ў казеннай установе.