Старонка:Рудзін, Дваранскае гняздо (1935).pdf/364

Гэта старонка не была вычытаная

але ён пазнаў яе, і душу яго агарнула тое пачуццё, якому няма роўнага і ў салодасці і ў жалю, пачуццё жывога смутку пра знікнуўшую маладосць, пра шчасце, якім некалі ўладаў. Разам з моладдзю прайшоўся ён па прысадах; ліпы крыху пастарэлі і выраслі за апошнія восем год, але цень іх зрабіўся гусцей; аднак, усе кусты падняліся, маліннік увайшоў у моц, арэшнік зусім заглохнуў, і адусюль пахла свежым дрокам, лесам, травою, бэзам.

— Вось дзе добра было-б гуляць у чатыры куты, — ускрыкнула раптам Леначка, узышоўшы на невялікую зялёную паляну, акружаную ліпамі: — нас якраз пяцера.

— А Фёдара Іваныча ты забыла? — заўважыў яе брат. — Альбо ты сябе не лічыш?

Леначка злёгку пачырванела.

— Ды хіба Фёдар Іваныч, у яго гады, можа… — пачала яна.

— Калі ласка, гуляйце, — спешна падхапіў Лаўрэцкі: — не звяртайце ўвагі на мяне. Мне самому будзе прыемней, калі я буду ведаць, што я вам не перашкаджаю. А забаўляць вам мяне не варта; у нашага брата, у старога, ёсць заняткі, якіх вы яшчэ не ведаеце і якіх ніякая забава замяніць не можа: успаміны.

Мала; людзі выслухалі Лаўрэцкага з ветлівай і ледзь-ледзь іранічнай уважлівасцю, — нібы ім настаўнік лекцыю прачытаў, — і раптам пасыпалі ад яго ўсе прэч, узбеглі на паляну; чацвёра стала каля дрэваў, адзін пасярод — і пачалася забава.

А Лаўрэцкі звярнуўся ў дом, увайшоў у сталовую, падышоў да фартэп‘яна і дакрануўся да аднаго з клавішаў: пачуўся слабы, але чысты гук, і таемна задрыжэў у яго сэрцы: гэтай нотай пачыналася тая натхнёная мелодыя, якой даўно