Старонка:Рудзін, Дваранскае гняздо (1935).pdf/42

Гэта старонка не была вычытаная

выказвацца, не знаходзіў слоў, але нарэшце распаліўся і загаварыў. Праз чверць гадзіны адзін яго голас чуўся ў пакоі. Усе стаўпіліся ў гурток вакол яго.

Адзін Пігасаў заставаўся воддаль, у вуглу, каля каміна. Рудзін гаварыў разумна, горача, дзельна; выказаў шмат ведаў, шмат начытанасці. Ніхто не чакаў знайсці ў ім чалавека выдатнага... Ён быў так звычайна адзеты, пра яго так мала хадзіла чутак. Усім незразумелым здавалася і дзіўным, якім гэта чынам раптам, на вёсцы, мог выявіцца такі разумнік. Тым больш здзівіў ён і, можна сказаць, зачараваў усіх, пачынаючы з Дар'і Міхайлаўны... Яна ганарылася сваёю знаходкай і ўжо загадзя думала пра тое, як яна выведзе Рудзіна ў свет. У першых яе ўражаннях было шмат амаль дзіцячага, не гледзячы на яе гады. Александра Паўлаўна, праўду сказаць, зразумела мала з усяго, што гаварыў Рудзін, але была вельмі здзіўлена і ўзрадвана; брат яе таксама здзівіўся; Пандалеўскі назіраў за Дар'яй Міхайлаўнай і зайздросціў; Пігасаў думаў: "Дам пяцьсот рублёў — яшчэ лепей салаўя дастану!"... Але больш за ўсіх былі здзіўлены Басістаў і Наталья. У Басістава ледзь дух не захапіла; ён сядзеў, увесь час з расчыненым ротам і вытарашчанымі вачыма і слухаў, слухаў, як зроду не слухаў нікога, а ў Натальі твар пакрыўся румянцам, і зрок яе, нерухома накіраваны на Рудзіна, і пацямнеў, і заблішчэў...

— Якія ў яго слаўныя вочы! — шапнуў ёй Валынцэў.

— Так, прыгожыя.

— Шкада толькі, што рукі вялікія і чырвоныя.

Наталья нічога не адказала.

Падалі чай. Гутарка зрабілася больш агульнай, але ўжо з адной нечаканасці, з якой усе змаўкалі,