Старонка:Рудзін, Дваранскае гняздо (1935).pdf/53

Гэта старонка не была вычытаная

— Ды болей амаль нікога няма. Ліпіна, Александра Паўлаўна, якую вы ўчора бачылі: яна вельмі слаўная, — але і толькі. Брат яе — таксама добры чалавек, un parfaіt honnête homme[1]. Князя Гарына вы ведаеце. Вось і ўсё. Ёсць яшчэ два-тры суседы, але тыя ўжо зусім нічога. Альбо крыўляюцца — прэтэнзіі страшэнныя, — альбо дзічацца, альбо ўжо недарэчна развязныя. Барынь я, вы ведаеце, не бачу. Ёсць яшчэ адзін сусед, вельмі, кажуць, асвечаны, нават учоны чалавек, але дзівак страшэнны, фантазер. Alexandrinе яго ведае, і, здаецца, да яго нераўнадушна... Вось, вам-бы заняцца ёю, Дзімітры Нікалаіч: гэта слаўнае стварэнне; яе трэба толькі развіць крыху, абавязкова трэба яе развіць!

— Яна вельмі сімпатычная, — заўважыў Рудзін.

— Сапраўднае дзіця, Дзімітры Нікалаіч, зусім дзіця. Яна была замужам, мais c'est tout comme[2].

— Калі-б я была мужчына, я толькі ў такіх жанчын улюблялася-б.

— Няўжо?

— Абавязкова. Такія жанчыны, прынамсі, свежыя, а пад свежасць падрабіцца не можна.

— А пад усё іншае можна? — спытаў Рудзін і засмяяўся, што з ім бывала вельмі рэдка. Калі ён смяяўся, твар яго выяўляў дзіўную, амаль старэчую міну, вочы жмурыліся, нос зморшчваўся...

— А хто-ж такі гэты, як вы кажаце, дзівак, да якога пані Ліпіна нераўнадушна? — запытаўся ён.

— Нехта Лежнёў Міхайла Міхайлыч, тутэйшы памешчык.

Рудзін здзівіўся і ўзняў галаву.

  1. Зусім прыстойны чалавек (фр.).
  2. Але гэта нічога не мяняе (фр.).