вы мне не падабацца не можаце. Дом у вас добры, але, шчыра вам прызнаюся, я не люблю абмяжоўваць сябе. У мяне і фрака прыстойнага няма, пальчатак няма; ды я і не належу да вашага кола.
— Па нараджэнню, па выхаванню вы належыце да яго, Міхайла Міхайлыч! vous êtes des notres[1].
— Нараджэнне і выхаване не да справы, Дар'я Міхайлаўна! Рэч не ў тым..
— Чалавек павінен жыць з людзьмі, Міхайла Міхайлыч! Што за ахвота сядзець, як Дыяген у бочцы?
— Па-першае, яму там было вельмі добра; а па-другое, адкуль вы ведаеце, што я не з людзьмі жыву?
Дар'я Міхайлаўна закусіла губы.
— Гэта іншая справа! Мне застаецца толькі пашкадаваць аб тым, што я не была варта быць у ліку людзей, з якімі вы водзіцеся.
— Мос'е Лежнёў, — умяшаўся Рудзін: — здаецца, пераўвялічвае вельмі пахвальнае пачуццё — замілаванне да свабоды.
Лежнёў нічога не адказаў і толькі зірнуў на Рудзіна. Наступіла кароткае маўчанне.
— Такім чынам, — пачаў Лежнеў, падымаючыся: — я магу лічыць нашу справу скончанай і сказаць вашаму кіраўніку, каб ён прыслаў мне дакументы.
— Можаце... Хаця, прызнацца, вы так няласкавы... Мне варта было-б адмовіць вам.
— Але-ж гэта размежаванне значна выгадней для вас, як для мяне.
Дар'я Міхайлаўна паціснула плячыма.
— Вы не хочаце нават паснедаць у мяне? — спытала яна.
- ↑ Вы з нашага кола (фр.).