Старонка:Рудзін, Дваранскае гняздо (1935).pdf/63

Гэта старонка не была вычытаная

— Няўжо вы знаходзіце, што вам час адпачыць? — спытала яна нясмела.

Рудзін абярнуўся тварам да Натальі.

— Што вы хочаце гэтым сказаць?

— Я хачу сказаць, — адказала яна з некаторым смуткам: — што адпачываць могуць іншыя, а вы... вы павінны працаваць, старацца быць карысным. Каму-ж, як не вам...

— Дзякую за пахвальны погляд, — перапыніў яе Рудзін. — Быць карысным... лёгка сказаць! (Ён правёў рукою па твары). Быць карысным! — паўтарыў ён. — Калі-б нават было ва мне цвёрдае перакананне, як я магу быць карысным, калі-б я нават верыў у свае сілы, дзе знайсці шчырыя спачуваючыя душы?..

І Рудзін так безнадзейна махнуў рукою і так сумна звесіў галаву, што Наталья мімаволі спытала сябе: сапраўды, ці-ж гэта яго захапляючыя, дышачыя надзеяй, размовы чула яна напярэдадні?

— Між іншым, не, — дадаў ён, раптам устрахнуўшы сваёй ільвінай грывай: — гэта глупства і вы кажаце праўду. Дзякую вас, Наталья Алексееўна, дзякую вас шчыра. (Наталья аніяк не ведала, за што ён яе дзякуе). Ваша адно слова напомніла мне мой абавязак, паказала мне мой шлях... так. я павінен дзейнічаць. Я не павінен хаваць свой талент, калі ён у мяне ёсць, я не павінен растрачваць свае сілы на адну балбатню, пустую, бескарысную балбатню, на адны словы...

І словы яго паліліся ракой. Ён гаварыў прыгожа, палка, пераканальна — пра ганьбу маладушнасці і ленасць, пра неабходнасць рабіць справу. Ён абсыпаў самога сябе дакорамі, даводзіў, што разважаць наперад пра тое, што хочаш зрабіць, так-жа шкодна, як калоць шпількай паспяваючы плод, што гэта толькі дарэмная страта сіл і со-