Старонка:Рудзін, Дваранскае гняздо (1935).pdf/70

Гэта старонка не была вычытаная

зараз-жа пачне даводзіць, чаму ты менавіта чхнуў, а не кашлянуў... Хваліць ён цябе — нібыта чын табе дае... Пачне самога сябе лаяць, з гразёю сябе змяшае, — ну, думаеш, цяпер на свет божы глядзець не будзе. Куды там! Павесялее нават быццам гарэлкай сябе пачаставаў.

Пандалеўскі крыху баяўся Рудзіна і асцярожна да яго падлашчваўся. Валынцэў знаходзіўся ў дзіўных адносінах з ім. Рудзін называў яго рыцарам, выхваляў яго ў вочы і за вочы; але Валынцэў не мог палюбіць яго і штораз адчуваў мімавольную нецярплівасць і прыкрасць, калі той браўся ў яго-ж прысутнасці разбіраць яго вартасць. "Ці не смяецца ён з мяне?" думаў ён, і варожа краталася ў ім сэрца. Валынцэў стараўся зламіць сябе; але ён рэўнаваў да яго Наталью. Ды і сам Рудзін, хаця заўсёды шумна вітаў Валынцэва, хаця называў яго рыцарам і пазычаў у яго грошы, наўрад ці быў да яго прыхільны. Цяжка было выявіць, што ўласна адчувалі гэтыя два чалавекі, калі, сціскваючы па-сяброўску адзін аднаму рукі, яны глядзелі адзін аднаму ў вочы...

Басістаў не пераставаў схіляцца перад Рудзіным і лавіць на-ляту кожнае яго слова. Рудзін мала звяртаў на яго ўвагі. Неяк раз ён правёў з ім усю раніцу, гутарыў з ім пра самыя важныя сусветныя праблемы і задачы, і ўзрушыў у ім найвялікшае захапленне, але потым ён яго кінуў... Відаць, ён толькі на словах шукаў чыстых і адданых душ. З Лежнёвым, які пачаў ездзіць да Дар' Міхайлаўны, Рудзін нават у спрэчкі не ўваходзіў і нібыта ўнікаў яго. Лежнёў таксама абыходзіўся з ім коладна, аднак, не выказваў свайго канчатковага погляду на яго, што вельмі бянтэжыла Александру Паўлаўну. Яна схілялася перад Рудзіным; але і Лежнёву яна верыла. Усе ў доме