Старонка:Рудзін, Дваранскае гняздо (1935).pdf/79

Гэта старонка не была вычытаная

наццатым годзе нікога не меў над сабою старэйшага. Я жыў у доме цëткі, у Маскве, і рабіў, што хацеў. Малы я быў досыць пусты і ганарысты, любіў пазадавацца і пахвастаць. Паступіўшы ва універсітэт, я вёў сябе як школьнік, і неўзабаве са мною здарылася гісторыя. Я вам яе расказваць не буду: не варта. Я схлусіў, і даволі брыдка схлусіў... Мяне вывелі на свежую ваду, злавілі, прысаромілі... Я збянтэжыўся і заплакаў, як дзіця. Гэта было на кватэры аднаго знаёмага, у прысутнасці многіх таварышоў. Усе пачалі рагатаць і кпіць з мяне, усе, выключаючы аднаго студента, які, заўважце, больш за іншых абураўся на мяне, пакуль я ўпінаўся і не прызнаваўся ў сваёй хлусні. Шкода яму мяне зрабілася, ці што, толькі ён узяў мяне пад руку і павёў да сябе.

— Гэта быў Рудзін? — спытала Александра Паўлаўна.

— Не, гэта не быў Рудзін... гэта быў чалавек... ён памёр ужо... гэта быў чалавек незвычайны. Звалі яго Пакорскім. Апісаць яго ў кароткіх словах я не здолею, а пачаўшы гаварыць пра яго, ужо ні пра каго іншага гаварыць не захочаш. Гэта была высокая, чыстая душа, і розуму такога я ужо не сустракаў потым. Пакорскі жыў у маленькім, нізенькім пакойчыку, у мансардзе старога драўлянага доміка. Ён быў дужа бедны і перабіваўся так-сяк лекцыямі. Бывала, ён нават чашкай чаю не мог пачаставаць госця; а адзіная яго канапа да таго правалілася, што была падобна на човен. Але, не гледзячы на гэтыя невыгоды памяшкання, да яго хадзіла шмат народу. Яго ўсе любілі, ён вабіў да сябе нашы сэрцы. Вы не паверыце, як люба і весела было сядзець у яго бедным пакойчыку! У яго я пазнаёміўся з Рудзіным. Ён ужо адстаў тады ад свайго князька.