Старонка:Рудзін, Дваранскае гняздо (1935).pdf/91

Гэта старонка не была вычытаная

ў душы. — Наталья Алексееўна! Вы маглі заўважыць, я мала гавару пра сваё мінулае. Ёсць некаторыя струны, да якіх я не дакранаюся зусім. Маё сэрца... каму якая патрэба ведаць пра тое, што ў ім дзеялася? Выстаўляць гэта на паказ мне заўсёды здавалася святатацтвам. Але я з вамі шчыры; вы выклікаеце маё давер'е... Не магу ўтаіць ад вас, што і я любіў і цярпеў, як усе... Калі і як? Пра гэта гаварыць не варта; але сэрца мае перажыло шмат радасцей і шмат пакут...

Рудзін памаўчаў крыху.

— Тое, што я сказаў вам учора, — зноў загаварыу ëн: — магчыма да некаторай ступені прыстасаваць да мяне, да майго цяперашняга становішча. Але, зноў такі, пра гэта гаварыць не варта. Гэты бок жыцця для мяне ўжо знікнуў. Мне застаецца цяпер цягнуцца па душным і пыльным шляху, з станцыі да станцыі, у дрогкай каламажцы... Калі я даеду і ці даеду яшчэ — бог ведае... Пагутарма лепей пра вас.

— Няўжо-ж, Дзімітры Нікалаевіч, — перапыніла яго Наталья: — вы нічога не чакаеце ад жыцця?

— О, не! Я чакаю шмат чаго але, не для сябе... Ад дзейнасці, ад радасці дзейнасці я ніколі не адмоўлюся, але я адмовіўся ад асалоды. Мае надзеі, мае мары — і асабістае маё шчасце не маюць нічога агульнага. Каханне (пры гэтым слове ён паціснуў плячом)... каханне — не для мяне; я... яго не варты; жанчына, якая кахае, мае права патрабаваць усяго чалавека, а я ўжо ўвесь аддацца не магу. Да таго ж, падабацца, — гэта больш да твару юнакам: я залішне стары. Куды мне марочыць чужыя галовы? Дай бог сваю знасіць на плячах!

— Я разумею, — праказала Наталья: — хто імкнецца да вялікай мэты, ужо не павінен думаць пра сябе; але хіба жанчына не зможа ацаніць такога