Старонка:Рудзін, Дваранскае гняздо (1935).pdf/92

Гэта старонка не была вычытаная

чалавека? Мне здаецца, наадварот, жанчына хутчэй адвернецца ад эгаіста... Усе маладыя людзі, гэтыя юнакі, па-вашаму, усе — эгаісты, усе толькі сабою заняты, нават калі кахаюць. Паверце, жанчына не толькі здольна зразумець самаахвярнасць: яна сама ўмее ахвяраваць сябе.

Шчокі Натальі злёгку зачырванелі, і вочы яе заблішчэлі. Да знаёмства з Рудзіным яна ніколі-б не сказала такой доўгай прамовы і так горача.

— Вы ні разу не чулі майго погляду адносна прызначэння жанчын, — адказаў з усмешкай спачування Рудзін: — вы ведаеце, што, па-мойму, адна Жана д'Арк магла выратаваць Францыю... але не ў тым рэч. Я хацеў пагаварыць пра вас. Вы стаіце на парозе жыцця... Разважаць пра вашае будучае і весела і не бясплённа... Паслухайце: вы ведаеце, я ваш сябра; я бяру ў вас амаль кроўны ўдзел... А таму, я спадзяюся, вы не знойдзеце майго запытання няскромным; скажыце, ваша сэрца да гэтага часу зусім спакойна?

Наталья ўся ўспыхнула і нічога не адказала. Рудзін спыніўся, і яна спынілася.

— Вы не злуецеся на мяне? — спытаў ён.

— Не, — прагаварыла яна: — але я ніяк не чакала...

— Аднак, — зноў сказаў ён: — вы можаце не адказваць мне. Ваша тайна мне вядома.

Наталья амаль з спалохам зірнула на яго.

— Так... так; я ведаю, хто вам падабаецца. я павінен сказаць — лепшага выбару вы зрабіць не маглі. Ён чалавек найдабрэйшы; ён зможа ацаніць вас; ён не змяты жыццём — ён просты і ясны душою... вы будзеце з ім шчаслівы.

— Пра каго кажаце вы, Дзімітры Нікалаіч?

— Нібыта вы не разумееце, пра каго я гавару? Зразумела, пра Валынцэва. Што-ж? Хіба гэта няпраўда?