Старонка:Рудзін Дваранскае гняздо 1935.pdf/16

Гэта старонка была вычытаная

* * *

Весці пад руку Александру Паўлаўну было, як відаць, вельмі прыемна Канстантыну Дыямідычу; ён выступаў маленькімі крокамі, усміхаўся, а ўсходнія вочы яго нават пакрыліся вільгаццю, што прынамсі, з імі здаралася не рэдка: Канстантыну, Дыямідычу вельмі лёгка было расчуліцца і праліць слязу. І каму б не было прыемна весці пад руку прыгожую жанчыну, маладую і стройную? Пра Александру Паўлаўну ўся…ая губерня аднагалосна гаварыла, што яна сама пекната, і …ая губерня не памылялася. Адзін яе просты, ледзь-ледзь кірпаты носік мог позбавіць розуму любога смертнага, не кажучы ужо пра яе бархатныя карыя вочкі, залаціста-русыя валасы, ямкі на круглых шчочках і іншых хараствах. Але лепей за ўсё ў ёй было выяўленне яе мілавіднага твара: даверлівае, дабрадушнае і рахманае, яно і расчульвала і вабіла. Александра Паўлаўна глядзела і смяялася, як дзіця; барыні знаходзілі яе просценькай… Ці можна было чаго-небудзь яшчэ жадаць?

— Вас Дар’я Міхайлаўна да мяне прыслала, гаворыце вы? — спытала яна Пандалеўскага.

— Так-с, прыслала-с, — адказаў ён, вымаўляючы літару с, як англійскае th: — яны абавязкова жадаюць і загадалі вас асабліва прасіць, каб вы зрабілі ласку сёння зайсці да іх абедаць… Яны (Пандалеўскі, калі гаварыў пра трэцюю асобу, асабліва пра даму, строга прытрымліваўся множнага ліку): — яны чакаюць да сябе новага госця, з якім абавязкова жадаюць вас пазнаёміць.

— Хто гэта?

— Нехта Муфель, барон, камер-юнкер з Пецербурга. Дар’я Міхайлаўна нядаўна з ім пазнаёміліся ў князя Гарына і з вялікаю хвалою вы-