Старонка:Рунь (1914).pdf/37

Старонка праверана

гадалася). Сусолачку зрабі дзіцёнку, нечым карміць яго, майго Я-на-чку. (Дзіцё у люльцы заварушылася і закугакала жаласна). Калышы, калышы, та-ту-леч-ка…

Дзед (калышыць). Забыўся сынок на Бога, забыўся. Зьменяў на гарэлку і сумленасць, і сямейку, і ўсё, усё. Што яму? Абы пляшку купіць, а іншае, — цямся яно! На маткіну памяць забыўся: на імшу не даў, а прапіў грошы… Чую грэх-бяду. Доля, доля… Дажыліся… (Мармочыць нешта далей, ня можна расслухаць).

Ганна. Ні-ма, ні-ма Рамана, ня йдзець… Тата! А дзе Аўдулька, Косьцік? Дзетачкі мае-е…

Дзед. Усё чыста прапіў сынок. Мусіць, забыліся на Бога людзі, не дбаюць на Таго, што сьвет Яго. У коршмі днююць, у коршмі начуюць… Ат, што, — бацька-ж дурэнь, бацька нічога ні знаіць, на што яго слухаць?… Ня слухай сынку, ня слухай…

Ганна… Тата! Ці ёсць у нас дошкі на… (с натугай і праз сілу) на тру-ну? Акх!..

Дзед (спужаўшыся). Ня думай пра… пра гэта, Ганна! Божа воля на усё: — на Бога і трэба думаць. (Закалыхаў дзіцёнка і адзеваіць дзіравы жупан). У цябе дзеткі, Гануля, маленькіе. Ось лецячка ідзець, падзівуйся, як вясёла на дварэ, як сонейка сьвеціць, птушачкі прыляцелі, лясок зарунеўся, Гануля… Кінь тое думаць… Дзеткі у цябе; што я стары з імі рабіць буду? Мне трэба туды зьбірацца. А, а, а ты… Сонейка во, грэіць, а ты, ты… (Убегаюць у хату Касьцючок і Аўдулька; абодвы босы, чуць адзеты; у Аўдулькі жмуток першых вясеньніх белых красак, у Косьціка медзяные грошы).