Старонка:Рунь (1914).pdf/51

Старонка праверана

штуковіна такая, — ламаў галаву мэдык, і на глыбіне яго душы пачалі капашыцца абразы таёмнаго, страшнаго, шчыра-беларускаго…

Не дарма быў Архіп — выліты яго дзед, што да сьмерці заўсёды крэпка маліўся Богу і тымчасам лашчыў, як можна, дамавых, лесавых, вадзяных.

…Мы ужо ставілі у куце й «пратэсы», псалтыр чыталі і псальмы пелі, — нічога, рады німа, усяліўся нехта у хаці і не даець спакою. Ці не параіш ты чаго, а то хоць хату разрый…

Архіп задумаўся йшчэ больш. Дачытаў пісьмо, дзе пісалася ўжо, што кароўкі, дзякаваць Богу, пагулялі, малака даюць многа, жэрабё прадалі Зэліку, патсвінак здох, яблык урадзіла дужа-дужа многа. А потым ішоў цэлы ліст паклонаў «ад белаго ліца да сырэй зямлі».

Студэнт памаўчаў троху, шчэкануў пальцамі і тут жа патскочыў ад раптоўнай думкі — паехаць самому дамоў на гэту чартоўшчыну.

— Яблак, гуркоў, суніц, чарніц, маліны, грыбоў цяпер там… На сенакосі с касою гуляну, як у старыну калісь, з дзеўчаткамі знаёмства старыннае ўспомню, — пацешаўся студэнт, — а старые будуць рады-рады!

Думкі-хмары яго разляцеліся.

— К чорту ўрокі, перэдам учэнікоў таварышам, хопіць грошы, а то ешчэ зараблю у зімку, як-небудзь узнясу за права ўчэньня, а цяпер жэ у нашай вёсцы — сяле закутным — рай!

.................

На другі дзень Архіп ужо тросся на зялезнай дарозі.