Старонка:Рэволюцыйным шляхам (1928).pdf/9

Гэта старонка не была вычытаная

ПРАДМОВА

Перад намі невялічкі зборнік апавяданьняў з жыцьця Заходняй Беларусі Л. Родзевіча „Рэволюцыйным шляхам“. Зборнік тым ня менш дае поўны і яскравы малюнак вёскі ў Заходняй Беларусі. З аднаго боку стаяць пан, ксёндз, поліцэйскі, асаднік, з другога боку стаіць шматмільёная маса сялянства і батрацтва. Паміж гэтымі соцыяльнымі групамі ідзе барацьба. Заходняя Беларусь — пляцдарм гэтай барацьбы.

Пераможцаю ў даны момант зьяўляецца невялічкая група эксплёататараў. ім пакуль што добра жывецца. „Ім добра. Яны поўныя ўладары ўсяго акружаючага, у іх руках пружына ўлады… Вось чуваць, як людцы звозяць збожжа… Усё і ўсюды адчувае ўправу, неабмежаванае панаваньне ўладароў „крэсаў“ (стар. 86-87). Яны банкетуюць, бо праца „быдла“ дае ім магчымасьць жыць ня думаючы аб працы. Яны жывуць працаю чужых мазольных рук, каторыя дзень і ноч працуюць на іх.

Ня так жывецца сапраўдным тварцом каштоўнасьцяй у Заходняй Беларусі. Бізуны, зьдзек, падаткі, турма. „Селянін Заходняй Беларусі добра ведае, дзе знаходзіцца вастрог і поліцэйскі пастарунак і іх ніколі не забудзе… Кожны парадачны чалавек прагібеў год-два ў вастрозе. А калі не сядзеў ніколі, значыць, грош яму цана, значыць, — гне ў панскі бок, вось такая ўмацавалася ў нас памоўка“. Так жывецца селяніну. Ён і па-за сьценамі турмы жыве, як у турме.