Старонка:Слова аб палку Ігаравым (1938).pdf/47

Гэта старонка не была вычытаная

А полаўцы нецярэбленымі шляхамі к Дону пабеглі вялікаму; толькі калёсы скрыпяць іх апоўначы, маўляў тыя лебедзі спуджаны.

Ігар к Дону войска вядзе.

А ўжо бяда яго пасець птаха па дзераву; ваўкі па ярах нядобрае варожаць; арлы клекатам звяр'ё завуць косці збіраць; лісіцы брэшуць на шчыты бліскучыя.

О, зямля Руская, ты ўжо за рубеж перасягнула!

Доўга ноч танула ў мроку; зараніца досвіт набліжала; імгла поле засланіла; заснуў свергат салавейчы; гоман галічы ўзбудзіўся.

Русіны поле шырокае загарадзілі шчытамі бліскучымі, шукаючы чэсці сабе, а князю славы.

III

З пазаранку ў пятніцу, патаптаўшы паганае войска палавецкае і рассыпаўшыся стрэламі па полі, паімчалі прыгожых дзяўчат палавецкіх, а з імі золата і папоны, і аксаміты дарагія; плашчамі, апоньчамі і кажухамі ды ўсялякімі палавецкімі тканінамі ўзорнымі пачалі масты масціць па балотах і гразкіх мясцах.

Сцяг чырвоны, харугвя белая, чырвоны бунчук, сярэбраная дзіда - Святаслаўлічу Храбраму!

Дрэмле ў полі Олегава гняздо харобрае. Далёка заляцела! Не было яно зроджана ў крыўду ні сокалу, ні крэчату, ні табе, чорны гругане, паганы палаўчаніне!

Гза быяжыць шэрым воўкам, Канчак яму знача след к Дону вялікаму.

На другі дзень вельмі рана крывавыя зоры світ узнімаюць, чорныя хмары з мора ідуць, хочуць прыкрыці два сонцы, а ў хмарах маланкі мігаюцца сінія.

Быці вялікаму грому! Ісці дажджу стрэламі з Дона вялікага! Тут паламаціся дзідам, тут пашчарбаціцца шаблям аб шоламы палавецкія на рэчцы Каяле, ля Дона вялікага.