Прыснула мора з поўначы, смерчы імгламі ідуць. Князю Ігару бог знача дарогу з зямлі Палавецкай на Рускую зямлю, дзе бацькаў пасад яго жджэ.
Патухла вячэрняя зорка.
Ігар спіць, Ігар вока не зводзіць, Ігар думкаю мерае поле ад Дона вялікага к малому Данцу.
Апоўначы свіснуў Аўлур за ракою каню, разумеці загадвае князю.
А князя Ігара няма!
Клікнуў - дрыгнула зямля, зашумела трава, палавецкія вежы ўспужаліся.
А князь Ігар к трыснягу гарнастаем панёсся і гогалем белым паймчаўся к вадзе. На быстрага рынуў каня, саскочыў з яго босым воўкам, к логу Данца пакаціўся й паляцеў сокалам пад імгламі, забіваючы гусі і лебедзі к снеданню, полудню й вячэры.
Як Ігар паляцеў сокалам, тады воўкам Аўлур пакаціўся, абіваючы росы сабою сцюдзёныя: падарвалі бо коней сваіх быстраногіх.
І кажа рака Данец:
"Княжа Ігару! Не мала вялічча табе, Канчаку дакукі, а радасці Рускай зямлі!"
А князь Ігар кажа:
"О, Доньча! Не мала вялічча табе, што лялеяў ты князя на хвалях і зялёную траву яму падсцілаў на сваіх берагах срэбраных, адзяваючы цёплымі ймгламі яго пад ценем зялёнага дзерава, і сцярог на вадзе яго гогалем, чайкамі на ручаях, чарнедзямі на ветрах. Не такая, кажа, рака Стугна. Маючы вузкі працёк, праглынуўшы чужыя ручаі й распасцёршы хвалі к утоку, князю Расціславу маладому берагам цёмным Дняпро зачыніла. Плачацца маці Расціслаўля па сваім маладым князю Расціслаўлю. Кветкі жальбою занылі, а дрэва з тугою к зямлі накланілася".