Старонка:Слуцкія песьняры (1926).pdf/51

Гэта старонка не была вычытаная

У ПОЛІ

Віхор круціць кругом, вецер вые, гудзе,
гурбы сьнегу заблытваюць ногі, —
і вось гэтай парой маладзіца ідзе:
небарачка зблудзіла з дарогі.

Яна йдзе, але сілы кідаюць яе:
ногі здраджваюць… крок — і упала.
Закруцілася жвырам усё ў галаве, —
ціха, глуха яна прастагнала…

А мяцеліца горш і зласьней загула, —
сьнегам сьлёзы яе засыпала.
А мяцеліца песьню жудой завяла,
сум хаўтурны разносячы ў далі.