Старонка:Слуцкія песьняры (1926).pdf/6

Гэта старонка не была вычытаная

У нашы дні, у часе стварэньня новага жыцьця — новыя таленты выяўляюцца больш плянава — выпадковасьць паступова зьнішчаецца.

У галіне прыгожага пісьменства „Маладняк“ робіць вялікую працу. Факт заснаваньня па ўсёй Беларусі маладнякоўскіх філій і гурткоў — культурных асяродкаў — гаворыць шмат аб чым. Каля гэтых асяродкаў гуртуецца моладзь. Гуртуецца моладзь, якая прышла ад саламяных стрэх, ад закураных хат.

Атрымоўвае рады, атрымоўвае таварыскую дапамогу, магчымасьці нормальнага разьвіцьця.

Частцы хлапцоў, дзяўчат, якія прыходзяць, часта трэба даць рады заняцца іншай працай, а ня пісьменствам. Частку — заахвочваць да далейшай упартай працы над разьвіцьцём свайго таленту, бо бяз гэтай працы нічога быць ня можа. Гэта не асноўнае ў працы „Маладняка“, як аб‘яднаньня, але гэта адна з яго істотных галін.

Вось і Слуцкая філія. Яна ў траўні месяцы 1925 году заснавалася. Цяпер налічвае ў сваіх шэрагах каля 10 сяброў.

І гэты невялічкі зборнік поэзіі паказвае чытачу плён працы першай групы — чатырох сяброў.

Немагчыма тут спыняцца на аналізе гэтых твораў — усё ў свой час. Але трэба падкрэсьліць зараз-жа і падкрэсьліць яскрава: маладыя песьняры на правільнай дарозе.