якая сядзела, ухутаўшыся ў коўдру. Гэта была тая самая дзяўчына, якая назвала яго ў Дайе «чэчака».
— Бачылі вы, які я ўзняў дым? — весела загаварыў ён.
Яна акінула яго непрыязным позіркам.
— Расказвайце пасля гэтага аб каўрах-самалётах, — казаў далей Кіт.
— Ці не патурбуецеся вы зняць з маёй нагі гэты мех? — холадна запыталася яна.
Ён азірнуўся і шпарка прыўзняўся.
— Гэта не мех, а мой локаць. Выбачайце.
Гэтая папраўка, аднак, ніколькі не змякчыла маладую жанчыну, і яна сказала ўсё з той-жа выклікаючай халоднасцю:
— Добра яшчэ, што вы не перавярнулі печ.
Ён прасачыў за яе позіркам і ўбачыў жалезную печачку і чайнік, які на ёй грэўся і за якім наглядала маладая індзіянка. Кіт пацягнуў носам арамат кавы і зноў зірнуў на дзяўчыну.
— Я-ж чэчака, — сказаў ён.
Па яе сумуючаму выгляду ён зразумеў, што гэта для яе ясна і без слоў; але гэта яго ніколькі не збянтэжыла.
— Я кінуў сваю агнястрэльную зброю, — дадаў ён.
Толькі тут яна пазнала яго, і позірк яе змякчыўся.
— Не думала, што вы забярэцеся так далёка, — заявіла яна.
Ён зноў з прагнасцю пацягнуў паветра.
— Кава, клянуся жыццём! — Ён павярнуўся да дзяўчыны і проста звярнуўся да яе: — Я аддам свой мізінец — можаце адсячы яго зараз-жа, — я зраблю ўсё, што вы загадаеце, я зраблюся вашым рабом на адзін год і адзін дзень або на колькі вы пажадаеце, калі вы мне дасцё кубак кавы!
За кубкам кавы ён назваў ёй сваё імя і даведаўся, што яе завуць Джой Гастэл. Ён даведаўся таксама, што яна ўжо даўно жыве ў гэтай краіне, што яна нарадзілася на адной з факторый ля Вялікага Нявольніцкага возера, яшчэ дзіцем пераправілася з бацькам цераз Скалістыя горы і спусцілася ў басейн Юкона. Цяпер яна падарожнічае са сваім бацькам, якога справы затрымалі ў Сітлі, а затым ён пацярпеў крушэнне на злашчасным «Чантэры» і быў дастаўлены ў праліў Пюджэт-Саунд падаспеўшым на дапамогу параходам.